Уражаньні ад прэзентацыі кнігі Зіны Гімпелевіч “Biełarusian Fine Art: Time and Time Again”

23 красавіка 2023 года меў шчасце паўдзельнічаць у прэзентацыя новай кнігі знанага даследчыка беларускай культуры, ганаровага прафесара канадскага Ўніверсітэта Ватэрлоо Зіны Гімпелевіч “Biełarusian Fine Art: Time and Time Again” (“Беларускае выяўленчае мастацтва : час і час ізноў”).
Кніга – упэўнены крок аўтара на шляху вяртання гістарычнай справядлівасці, бо вядома, што многія гады імёны славутых беларускіх мастакоў прыпісваліся іншым народам і краінам, і часта іх беларускія карані нават не згадваліся. Зіна Гімпелевіч з уласцівай ёй смеласцю і прагай да дакладнасці распавядае пра творчасць шматлікіх мастакоў, якія нарадзіліся на беларускай зямлі. Кніга яднае біяграфіі 150 мастакоў, якія нарадзіліся ў Беларусі ці іх жыццё цесна звязана з Беларуссю. Велізарная і руплівая праца, здзейсненая Зінай Гімпелевіч сапраўды ўражвае і, вядома ж, радуе. Радуе тое, што мы, беларусы, маем велізарны нацыянальны скарб, якім па-сапраўднаму можна ганарыцца. Кніга ў чарговы раз падкрэслівае тое, што мы годная еўрапейская нацыя, якая нараджае непаўторныя і сусветнага ўзроўню таленты. Іншая справа, што таленты гэтыя доўгі час замоўчваліся, ці прыпісваліся іншым дзяржавам. Раней я не звяртаў увагі на тое, што самыя знакамітыя нашыя мастакі Марк Шагал, Хаім Суцін, Восіп Цадкін, ды іншыя прадстаўнікі так званай “парыжскай школы” лічыліся ў свеце ці французскімі, ці расійскімі мастакамі.
Кніга англамоўная (выйшла ў канадскім выдавецтве “FriesenPress”), а гэта значыць, – інфармацыя пра Беларусь будзе распаўсюджвацца ў заходняй цывілізацыі. Беларусы, з дапамогай дыяспары, паступова вяртаюць сваю спадчыну і праца паважанай Зіны, безумоўна, значны ўклад, каб падкрэсліць і паказаць менавіта беларускасць нашага мастацтва.
Цёплай і шчырай атрымалася і сама прэзентацыя кнігі. Прыемна было пабачыцца з сучаснымі беларускімі мастакамі, творы і біяграфіі якіх уключаны ў кнігу : Івонка Сурвілла, Пётр Шварцман, Алена Ляпко. Мастакі падрыхтавалі невялікую выставу сваіх прац. Яшчэ адзін цікавы факт у тым, што вокладку для кнігі стварылі атаўскія беларусы – Алесь і Ксенія Каралькевічы. Яшчэ раз мушу падзякаваць усім, хто завітаў у нядзелю на прэзентацыю беларускай кнігі. Цудоўная і яскравая падзея!

Leave Comment

Your email address will not be published. Required fields are marked *