“АЎТОГРАФЫ З КНІЖНІЦЫ…”
—доўгачаканнае выданне пра дарчыя надпісы пісьменнікаў у прамежку 1960- 2011 гадоў. Тут змясцілася большая частка яскравых прыпамінаў, напоўненых зычэннямі Сяргею Панізьніку— літаратару, краязнаўцу. У дароўных выказваннях радасна пачуваецца і ўдзячнасць за стварэнне ім радзімазнаўчых музеяў на берагах Дзвіны ў Верхнядзвінскім і Мёрскім раёнах гістарычнай Віцебшчыны, дзе рухавыя продкі беларусаў былі веслярамі на хвалях вякоў між Прыбалтыкай і Візантыяй.Гэтая кніга – своеасаблівы помнік вечаносным сустрэчам, шляхетным пачуццям, натхнённым абліччам. І стварэнне тома спраўдзілася ў непаўторным выдавецтве “Мелання” на беразе возера Гурон у канадскай правінцыі Антарыё. А ўсё дзякуючы намаганням бацькоў Меланні – Веранікі Панізьнік і Аляксандра Гіггера. Так рэха выгукаў Калумба, Судзілоўскага-Русэля аздобіла і прадоўжыла ў 2016 годзе лірычны Шлях з Варагаў у Грэкі. А самае дзіўнае тое, што пачатак сонечнай паводкі аўтографаў адбыўся на радзіме Мікалая-Ніколаса Русэля – у сямісотгадовым Магілёве.
Укладальнік кнігі-альбома, аўтар тэкстаў і здымкаў Сяргей Панізьнік