Уладзімір Некляеў. СУМЛЕННЕ

прысвячаецца Паўлу Севярынцу, Яўгену Афнагелю, Андрэю Войнічу, Максіму Вінярскаму, Паўлу Юхневічу, Ірыне Шчаснай, Зьмітру Казлову

Калі ўжо Гасподзь апрануў мяне ў плоць,
Калі я паўстаў, як яго падабенне:
«Не ўсё табе даў я», – сказаў мне Гасподзь.
« А што ты не даў мне?»
«Сумленне».

«Дык дай Ты мне тое, чаго не дадаў.
Ці, можа, сумленне з сабой Ты не носіш?»
«Ты проста не ведаеш, – Бог адказаў, –
Што гэта такое? Чаго ў мяне просіш.

Я даў і нянавісць табе, і любоў,
Не пашкадаваў для цябе я нічога.
Сумлення не даў, бо нідзе не знайшоў,
Не ўсё ў Божым свеце ёсць нават у Бога.

І ты яго можаш таксама не мець,
Бо будзе балець да разрыву аорты!
«Навошта ж мне тое, што будзе балець?»
«Каб я адчуваў, што жывы ты. Не мёртвы».

«Дык я й без сумлення нібыта жывы.
І нават да Бога падобны нібыта».
«Жыцця я насеяў, бы ў полі травы,
На межах быцця і на межах нябыту.

Сумленне ж ніяк не пасеяць, не зжаць,
Яно – самародак у нетрах Сусвету».
«Дык дзе ж яго ўзяць?..» І сказаў Бог: «Шукаць.
Цябе і стварыў я ў Сусвеце на гэта».

Leave Comment

Your email address will not be published. Required fields are marked *

Privacy Preference Center

Necessary

Advertising

Analytics

Other