Віза на жыццё або Транзіт на Кюрасао


Мае куміры – маякі.
А раней быў – …
Гісторыі выратавання людзей моцна мяне ўражваюць.

Другая запаведзь – “Не рабі сабе куміра і ніякай выявы таго, што на небе ўверсе, што на зямлі ўнізе, і што ў вадзе ніжэй зямлі. Не пакланяйся ім і не служы ім; бо Я Гасподзь, Бог твой, Бог руплівец, Які карае дзяцей за віну бацькоў да трэцяга і чацьвёртага пакаленьня што ненавідзяць Мяне, і творыць міласьць да тысячы родаў, што любяць Мяне і шануюць запаведзі Мае.

Другая Кніга Майсея. Зыход. Частка 20

 

          Тiунэ Сугіхара, консул і Чалавек.
          Памятаю – Не рабi сабе куміра. Так, гэта дакладна. Парушыць другую запаведзь страшна. Пакаранне да чацвёртага калена. Ня трэба куміраў і пакланення. Залішняе гэта. Але маякі павінны быць. Гэта неабходна. Сярод высокіх хваль жыццёвага акіяна паспрабуй знайсці той востраў Кюрасао без маяка. Немагчыма. Або без компаса. (Хоць маштабы i не тыя, але таксама дапамагае). Сугіхара для мяне бліжэй да маяка, чым да компаса. Выпадкова пазнаёміўся з ім, вядома, у павуцінні, Сусветнай. Як нядобра гучыць – Павуцінне. Няўжо гэта ўсё-такі сапраўды павуціна? А я ўспрымаю яе як крыніца. Баржомі. З газам. Часам нервова паралітычным, часам смехавыклікаючым, бывае і прыёмнік-ўключаюшчым. Дык вось неяк «выпадкова» на хвалях гэтага Сусветнага акіяна з’явіўся ў мяне крэйсер Тiунэ Сугiхара. Японскі консул у Літве. Час вызначыў яму месца, дзе спатрэбілася дапамога ў выратаванні. Цёмна і страшна. Людзі трапiлi ў пастку. Назад – нельга, наперад – не пускаюць, няма ВІЗЫ. Ад гэтай паперкі залежыла – жыць ці загінуць.

           Консул парушыў інструкцыі. Можа нават і закон. Выдаў візы. І фатаграфію з правым вухам не патрабаваў. Зараз ёсць такая амбасада. Іншая патрабуе фотаздымкаў на белым фоне. Трэцяя – ў цёмнай вопратцы. Чацвёртая – ўсміхацца, але зубоў не паказваць. Пятая – каб быў маладым, шчаслівым, здаровым і ў асяроддзi сяброў. Пятай амбасады няма, вядома, як і кута. Чатыры ёсць дакладна, быў у іх, стаяў у чарзе. Калі мне маладая дзяўчына даслала запрашэнне, каб атрымаць візу на наведванне вострава, не Кюрасао, у амбасаде пыталіся – А што вы будзеце рабіць там з гэтай дзяўчынай ? Што яны хацелі ад мяне пачуць? Але я на правакацыю не паддаўся. Сказаў, што паедзем на выставу кветак. Мы вельмі любім кветкі! Кветкі паглядзелі, ружы панюхалі, нацешыліся водарам. Тэрмін візы скончыўся. Маладая дзяўчына настойліва запрашае мяне другі раз наведаць востраў. Пытанне ў пасольстве на засыпку – А Ваша жонка не супраць, што вы зачасцiлi да маладой дзяўчыны? І скажыце нам , нарэшце, што вы там з ёй робіце? – Ну што вы! Хіба Вы не бачыце німба ў мяне над галавой! Які ж я святы і патрыёт! Пабыўшы ў раі амаль сотню разоў назад вяртаўся ў сваё пекла… Ўздымацца на сваю галгофку.

            Гадоў з дзесяці я паважаю адну вельмі заакіянскую краіну. Увогуле то і зараз паважаю. Але патрыятызм часам трохі падае. Яны мяне баяцца. Звычайнага чалавека. Самы вялікі страх – гэта тое, што я магу застацца з iмi назаўсёды. Я, самая светлая галава нашай лёгенькай прамысловасці. Такі страшны. Можа Ральф Лаўрэн баіцца канкурэнцыі. А можа гэта з-за лыжачкі, якую я не даставаў з кубка калі гарбату піў. Потым стаў даставаць, але вока ўсё роўна прыжмурваў. Цяпер п’ю чай без цукру – і патрэба ў лыжачцы адпала зусім. А ўзровень культуры па чым зараз вызначаць? Па лыжачцы, па воку або па хвасце? Можа і хвост у мяне быў. Хто яго ведае. Бывае сочаць. Азірнуся – няма нікога. Пагляджу на неба – ні дрона, ні спадарожніка. Адны зоркі. Страшна мне нават набліжацца да гэтых амбасад. А раптам хвост! А раптам зноў спытаюць. З кім, дзе і як?
Тым людзям у 1940 мог дапамагчы цуд. І ён адбыўся. У консульстве працаваў Сугіхара. Ён не задаваў пытанняў – Што будзеце рабіць на Кюрасао? Для яго ўсё было і так зразумела. Бярыце транзітную візу праз Японію – і на востраў! А там Б-г дасць не згініце. Праехалі транзітам .. І востраў знайшоўся – Кюрасао. Дзякуй маяку. Свяціў. Ярка. Моцна. Але часам мне здаецца, што я таксама там быў. У консульстве. Дапамагаў ставіць штампы. Гасподзь, даруй за святатацтва. Я так люблю ставіць штампы!

Разумею, падтрымліваю. Паважаю. Спадар консул! Дзякуй.

ありがとう領事

Выбачайце, задумаўся.= І тчэ забыўшыся рука= гэтыя іерогліфы.

         Яшчэ ў мяне такое пытанне да сусветнага розума – як гэтыя людзі змаглі ў той час выбраць адзiны выратавальны для сябе шлях? А колькі было тых, якія не змаглі! Як навучыцца ў розных жыццёвых сітуацыях рабiць правильны выбар? Чытаеш гэтыя артыкулы і спадзяешся знайсці там хоць маааленькi намёк. Як? Як не правароніць той момант, калі трэба будзе шукаць свой Кюрасао? Не хапае такіх консулаў у сучасных амбасадах. Можа не пыталіся б у нас кожныя два гады на каго ты працуеш і колькі ў цябе грошай ў банку. А калі ў чалавека грошы пад матрацам. І матрац ўжо двухгорбы, як вярблюд. У кожнага свае падыходы да жыццёвых сцэнарыяў, але паперкі ад нас патрабуюць адны. Дай паперку! А мы ж сапраўды стараемся зрабіць жыццё па наш бок плота лепш. Не спяшайцеся так хутка, мы не паспяваем за Вамі. Давайце разам зробім так, каб б людзі не замярзалі ў рэфрыжэратарах, не чапляліся за шасі самалётаў, не танулі ў морах, ці не скакалі праз гэты плот і тунэлі не капалі. Не, плот вышэй ня трэба. Цень вялікая. І сонца засцiць. А яно па-ранейшаму ўсходзіць на ўсходзе, дзесьцi на Кюрасао.

          Цяпер у мяне няма візы. Стары. Не, не я, пашпарт стары, да дзесяці гадоў ўзрост падыходзіць. А для пашпарта гэта ўжо глыбокая старасць. Далей – нябыт, пралайя адным словам. Памяняю пашпарт. І будзем зноў маладымі і новенькімі, я і мой пашпарт. Шкада старога пашпарта. Ён быў малодшым братам геаграфічнага атласа. Гэтая старонка дазваляла пабываць у Амерыцы, гэтая – з’ездзіць у Еўропу, а гэтая – у Азію. Ненадоўга, але дазваляла. А як жа будаваць жыццё калі не бачыў праекта? Ездзі і глядзі гэтыя праекты, вучыся. Стары пашпарт быў сапраўдны да 2065 года. І я так спадзяваўся адзначыць разам з ім гэтае свята. Свята аб’яднання трэцяга свету з другім і другога з першым. Ды і юбілей 100 гадоў бывае адзін раз у 100 гадоў. Але прыйдзецца разьвітацца. Зараз друкарня адумалася і друкуе пашпарты толькі на дзесяць гадоў. А там могуць і не працягнуць кантракт. Круціся як хочаш. А калі Сугiхару не знайду – куды дзявацца? Ад клаўстрафобіі гэтай ратуюць Украіна і Расея. Ўсход і Поўдзень адкрыты. Там мяне не баяцца. Смелыя. Не так страшны я, як мяне малююць на візе. Дзякуй ім за гэта. Падымаюць патрыятызм, малайцы. Грузія яшчэ запрашае. Папіць Баржомі. Без газу. Дзякуй таксама. Можа я і не паеду туды! Не галоўнае – мець разнастайныя каштоўнасці. Галоўнае мець магчымасць іх набываць. А калі ў мяне няма візы То і неба – з аўчынку. І ўвесь вінаград становіцца кіслым. Высока вісіць, ня дацягнуцца. Як у лісы. Спачуваю недаступнаму вінаграду, ён заслугоўвае больш высокай ацэнкі. Трэніроўка патрэбна ў падскокванні.

            Сугіхара знайшоў выйсце. Паказаў прыклад. Калі не можаш даць від на жыхарства, дай хоць бы транзітную візу. І выратуеш сусвет. Бо ад кожнай зорачкі будзе сузор’е. Усяго толькі штамп – і ззяе сусвет. Свята выратавання. Я – чалавек другога свету. Павуцінне так напісала. Усяго светаў толькі тры. / Амаль як Явь, Навь і Правь / пранумаравалi ж! Менавіта тры света аказалася чамусьці. Як я трапіў менавіта ў другi? Заяву не пісаў. Па логіцы – мінулае жыццё пражываў у трэцім. Па логіцы – наступнае – у першым. Круціся кола. Па звычцы прыспешваем час, выказваючы жаданне – хутчэй бы Новы год, а там і новае жыццё. Хоць з вышыні свайго пянька гляджу і вось гэтыя іншыя светы таксама перада мной па парадку размясціліся. Мой першы. Потым другі. Потым трэці. Можа, калі б я быў тым разумнiкам які дзяліў нас на тры светы, то мой свет быў бы першым. Кожны лічыць свой свет – самым першым. І ўсе прыходзілі б да мяне з фота і з даведкамі з месца працы і прасілі дазволу прыехаць на Каляды. Бо ў мяне такія яркія лямпачкі на гірляндах. І можна Карагоды вакол елкі вадзіць. Я б дазваляў, дазваляў … Пасля адбіткаў пальцаў! Цацкі на ёлцы вельмі дарагія. Спакуса можа перамагчы. Ой перазалетуценіўся. І ня ўводзь нас у спакусу! Але пазбаўляць нас ні ад каго ня трэба. Дрэннаму танцору і туфлі замінаюць. А дрэннаму мараку – ва ўсім вінаваты капітан. Напэўна, не варта шукаць вінаватых, а пачаць змяняцца самому. Бо вакол добрага чалавека – заўсёды добрыя людзі. І капітан справядлівы. Калі сам такі. Твары дабро – спяваў адзін наш бяззубы артыст. Тварыў. І выраслі ў яго новыя зубы. Не простыя, а блiскучыя.

              Востраў Кюрасао – гэта першы, другі або трэці свет? Можа яго забыліся класіфікаваць, і ён не ставіўся ні да аднаго з міроў. Таму цуд і адбыўся – людзі засталіся жыць. І для іх ён стаў адзіным светам. Цікава, а дзе знаходзяцца краіны трэцяга свету? І ці можна мне з другога свету з’ездзіць хоць бы ў трэці свет. Павуцінне кажа – можна. Вядома, у першым свеце я буду чужы. Як кіслата ў шчолачы. Бурбалкi пойдуць i соль выпадзе ў асадак. А наш, другі свет, гэта, напэўна, праслойка паміж першым і трэцім светам. Каб яны не змешваліся. Каб асадак не выпадаў. Шкада людзей з трэцяга свету. Яны нікуды не могуць рушыць – ані ў другі, ані ў першы. Напэўна, вібрацыі не дазваляюць. А я заўсёды думаў, што ўсе людзі аднолькавыя. Плачуць і смяюцца, бачаць і слухаюць, гавораць і спяваюць. Хтосьці сказаў – не! Трэба падзяліць! Першы гатунак, другі, трэці. Няўжо толькі я не забыўся, што быў такі гатунак – Экстра. А дзе ж свет такі – Экстра? Туды дакладна не пусцяць. І Консул не дапаможа. Хацелася б хоць здымкі паглядзець.

             Ой, а так хочацца ўсёй нашай кампаніяй трапіць у Экстра- свет! А што? Мы ўжо культурныя. І дыпломы ёсць. І лыжкамі, відэльцамі ямо. Частка і з нажамі. І джынсы ў нас ужо даўно выцертыя і з дзіркамі. Сучасныя. І прыдумляць можам рознае. Вынаходзіць. Колькі яшчэ пунктаў? Выканаем і перавыканаем. Станем ў першы шэраг . Хоць з краю. З краю было б больш спакойна. Дакладна – гэта геаграфія вінаватая, навошта мы апынуліся ў прахадным пакоі на хуткаснай магістралі Парыж – Берлін – Масква. Збоку трэба было станавіцца, а не лезці ў цэнтр фатаграфіі. Вось і трапілі ў фокус. І не раз. Сфатаграфавалі. Чорна-белая. І вярблюда няма побач, двухгорбага. І свет – Другi. А быў – першы. І першая канстытуцыя ў Еўропе была … Так, было, было … І дзяржава адна была па ўсёй зямлі, і вежу нядаўна будавалі да нябёсаў. Не спадабалася камусьці. Падзялілі. Цяпер сядзі і вывучай замежныя мовы. І з працягнутай рукой па амбасадах. Пастаўце пазнаку.

              Тааак, быў консул. З нашых. Хоць і японец. Ставіў штамп і ратаваў. А хто нас выратуе? Рэлігія кажа – Ратуй сваю душу сам! А цела? А цела тленнае, яго не шкада! А мне і цела шкада. Таму што я жаллівы! Абыякавыя шукаюць апраўдання. Даведку не дам! Дазвол не атрымаеш! Гэта нельга. Вось у гэтым пункце напісана, што нельга. Забаронена інструкцыяй. І шукаем, шукаем тыя пункты па якіх – нельга. Давайце шукаць тыя пункты – па якіх – Можна. Яны ёсць гэтыя пункты. Ёсць гэтыя Кюрасао! Іх трошкі цяжэй знайсці. Але яны ёсць. І Сугіхара, творачы міласьць, знайшоў такі пункт. Не ведаю як гэты пункт называецца. Гуманізм можа. А можа – любоў і спагада. Узнагарода – І створыць міласць да тысячы родаў.

Гена Мельнiчук
2019/12/02
P.S. Каля вострава Кюрасао ёсць астравок Малы Кюрасао. Пакуль што не заселены…

Leave Comment

Your email address will not be published. Required fields are marked *