Уладзімір Караткевіч на дзень нараджэння 26 лістапада 1967 г.
Караткевічаў Лыцар
“У старога жарабка скура і на плоце гагоча!”
(З лявонпальскіх вымудрыкаў)
Лыцар:
--Чую я: у жарабка
грыва не сакоча.
Мала сілы ў седака,
ці лашак не хоча?
У Дуброўне гагатаў,
на Суле, Крапіўне…
Маляр:
--Годзе!Конь адлапатаў.
Едзь ты на грабільні.
Лыцар:
--Як жа Лыцару натхніць
мысляроў паходаў?
Хто ў літаўры будзе біць
між усіх народаў?
Маляр:
--Не на Герб – казе пад хвост
раяць прыглядзецца.
Хто патопае на мост,--
плаваць давядзецца…
Лыцар:
--А я цокаты люблю
і вякоў харугвы.
З імі страх перакулю
стаць на бруствер трухлы,--
каб асмеліцца забраць
жарабка з аброці.
І за мною пойдзе раць.
Будзь і ты ў ахвоце!
Маляр:
--Могуць зноў вас пакараць.
Лепей бульбу выбіраць
мне на агародзе…
Лыцар:
--Караткевіч! Восень блізка.
Ля Дняпра зноў будзе віскат.
Рогат выдай так умела,--
каб Няміга закіпела!
І каб кожны маляваў
не абмоткі ад халяў…
Сэрцам Сьцяг наш уздымаў
Бел-Чырвона-Белы!
Маляр:
--О! Я ў думках – каралевіч!
Калі так,то й я – МАСТАК,--
як і Караткевіч!
19.07.2011, 12.08.2019
Сяргей Панізьнік
ПАРНАС КАРАТКЕВІЧА
У гонар здзяйснення
музея Уладзіміра Караткевіча
у Воршы
Дачакаўся і Валодша:
Свята Слова на Дняпры!
За душою ні паўгроша…
Пэўна ж выручаць сябры.
Можа, Кіеў дапаможа:
ім узброены ён быў…
Веды – вось яго заможжа:
ні стагоддзя не забыў!
Паглядзіць князь Уладзімір
на чарговы зарапад:
як мы свет шырокі дзівім
і якочам неўпапад.
Свята Слова… А святое?
Служым рыцарна яму?
…Слухай, сэрца маладое
Караткевіча сурму!
Неспатоленая прага
ходзіць Воршай, носіць рог.
Госці з Грэкаў і Варагаў
да Валодшы на парог:
--Слова зьлюбнае абудзім,
узнадзеім рэха-час.
Ён тут быў.
Ён ёсьць.
Ён будзе!
Не затоіцца ў аблудзе
Караткевіча Парнас!
Уладзімір Караткевіч з Рыгорам Барадуліным на экскурсіі Ніны Панізьнік (маёй сястры) "Выхад да мора": Юрмала, 17.07.1966 г.; Фота С. Панізьніка.
У двары Караткевіча (вул. Веры Харужай, 7) 10.05.1968 г.
Стане Памяць на дыбы
Уладзіміру Караткевічу --
показка, але не казка
Пайшло Сонца па грыбы.
Бачыць: дым ідзе з трубы.
Караткевічаўскі Зай
нешта варыць…
--Вылязай!--
Зайку ветла кліча Сонца,
квартай стукае ў ваконца:
--Я знайшла грыбы ў бары.
Жулік! Мне жульен звары:
грыб падсмаж
да крэкту сківіц,--
каб Валодзя, наш руплівец,
і зычлівец, і шчаслівец,
горды шляхціч, жрэц-лацінец
не пакінуў наш дзяцінец.
Не драмаў дзесь у снягах,
а трымаў Радзімы Сцяг.
Ну а ты, мой золкі Зайка,
у камору залязайка.
Хай зырчыць твая кантора.
Я ж скачуся аж да мора,
а вярнуся да Валодзі,--
звонкай песняй прымалодзім
успаміны пра грыбы,
рагачоўскія дубы,
пра аршанскія слупы,
і дзявоцкія клубы…
Стане
Памяць
на дыбы!
----------------------------------------
Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (26.ХІ.1930, Орша –25.07.1984, Мінск)--
паэт, празаік, драматург, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры.
Жульен – закусь, прыгатаваная з курыных крыльцаў і грыбоў (улюбёны пачастунак Караткевіча-кухара.
Старажытныя егіпецкія жрацы – прыслуга багоў.
Клубы – сцёгны.
31.05.2010
Сяргей Панізьнік
Плыве Ладдзя!
На прадстаўленні ў “Кніжным салоне” 4.ХІІ.2010 г.
непадцэнзурнай навелы Уладзіміра Караткевіча
“Ладдзя Роспачы”, выдадзенай Глебам Лабадзенкам,
“С. Панізьнік зачытаў свой сумесны з Барадуліным
экспромт”.*
Ладдзя плыве з прычалаў “Медзісонта”,**
а Глеб -- непадцэнзурны стырнавы --
ад цэрбераў звальняе астравы
і маркерам здымае праўкі з гонта.
Гаворыць з Караткевічам на Вы
пра новыя для слова гарызонты.
З узнёслай сагай паўстае вяльможны
Крывіцкі князь.
Без роспачы Ладдзя.
Глеб Лабадзенка – смелы падарожны.
х х х
Пакуль у Рагачове не мурожна,--
узвысім Караткевіча, як можна,
бо ён усім нам
Сведка і Суддзя!
------------------------------------------------------------
* Пазнака з “Краязнаўчай газеты”, № 2, студзень 2011 г.
** “Медзісонт” – выдавецтва.