Палёт кола Сансары кругом патылiцы за хвіліну да абуджэння пчалы.

Прачнуўся. Раніца. Цёмна. Як заўсёды – хутчэй за тэлефон. Паглядзець надвор’е. У Аўстралii +23. Там хутка лета. Усё наадварот. Як яны там жывуць ўніз галавой? Добра жывуць. Пішуць, што лепш чым мы ўніз нагамі. Прычына, мабыць не ў нагах, а ў галаве! Нью-Йорк +12, нядрэнна. Соня яшчэ спіць. Вялікабрытанія +5, у Лізы туман. У Кобрыне, у цёткі Таісы +12, Добра. Цяплей чым у нас. У Наташы +1, халаднавата, ды і вецер, напэўна. Шапку з вушамі на галаву! У Сінгапуры +32. Як заўсёды! Люблю нязменнасць. Да мора і загараць! Канада -13. Сёння холадна. Можа, вецер паўночны. Валёнкі не перашкодзяць. Інна напэўна ўжо накрыла ружы, трэба добра ўцяпліць, наперадзе – зіма. У Воршы – яшчэ восень. У Кіеве – дзядзька – на градус цяплей. У Iерусалiме +18. Зайздрасць дрэнны дарадца.

Звычайна так пачынаецца мой дзень.

Тут гляджу на дату – Ё-маё – 2039 год. Мусiць зданькi паскакалi! Уключыў, выключыў тэлефон. Разумны ж я. Нічога не змяняецца. 2039 – і ўсё тут. Што рабіць? У момант цямлю… А хутка то ўжо і не атрымліваецца. Мне 74. Нечакана і імгненна. Толькі што малады быў і радасны. А зараз? Старасць – і не старасць яшчэ. Маладосць? Ўжо не маладосць! Ні то – ні іншае. Прыдумаў. Другая маладосць. Другая – не ладная, на кані прыкладная. Напэўна, ужо пенсія. А якая там пенсія – самі ведаеце – на Камароўку за малаком i сырам! І на працу не трэба. Што дома рабіць цэлы дзень? На кухні хтосьці грамыхоча патэльнямі або гаршкамi. Ужо і не вызначыш – слых то не той. Напэўна, нейкая бабулька. Не – пажылая жанчына. Ай не – не зусім маладая. Так лепш!

Халодны пот градам. У скронях застукала, у вушах зазвінела. Анёл праляцеў. Ўставаць не буду. Заякарусь – то ніколі не вярнуся. Невядома як трапіў, невядома як вяртацца. Памятаю па фільмах што трапіць лёгка – выбрацца цяжэй. Папабегаеш, папашукаеш той партал… Дваццаць гадоў жыцця кату пад хвост. Якому кату? І ката няма. Адна непрыемнасць за другую чапляецца. Праўду казала мама: ”Жыццё прайшло як адзін дзень”. А тут нават і дня не было. Пераначаваў – і на табе! 2039. Чухаю патылiцу. Што рабіць?… Ёсць Налады – туды! Дата, час. І хутчэй! Час аўтаматычна, зялёны кружочак. Цicну яшчэ раз. Iзноў – 2039. Усе знік.! І белай кашулі не сабраў. Ні падштанiкаў, ні шкарпэтак не склаў. Нават насоўкі няма ў руку пакласці. Адразу 74. Колькі яшчэ працягну? Гадоў дзесяць… Хочацца болей. Рукі, ногі накшталт не баляць і галава ясная. Цяміць раз ясная. Памятаю правіла: “Cтукайся ў зачыненыя дзверы дык адчыняць ”. Яшчэ раз у Налады, выбіраю аўтаматычную наладу часу. 20 гадоў можна пракруціць і пальцамi. Абы вярнуцца! І не такое зробіш. Як канёк-гарбунок – і ў кіпень зможаш. Не дай Б-г! Яшчэ мне ў кіпень!? Кручу, кручу, кручу, кручу – аж у вачах зайчыкi заскакалi. Круціцца ўсё – і гады і месяцы і гадзiны. Ды так хутка. Толькі год спынiўся, як укопаны. Усё роўна 2039, што такое. На кухні ўжо хтосьці пакашлівае…

Ўстаноўлена.

Прывітанне! Здарова жывеш! – час ад часу не лягчэй. 1939. Дом драўляны, добра хоць падлога не гліняная. Печ паліцца, 5 гадзін. Хтосьці кукарэкнуў. Пара ўставаць. Восень і халаднавата, снегу яшчэ няма, кастрычнік. Конь іржэ. Ігагоча карацей. Што ў гэты час рабілі? Араць трэба. Захінаць сідэраты. А я і каня запрагаць то не ўмею. Ўмеў, ды забыўся. Куды мне ўставаць. 1939. Бацька казаў: “Гена! Пры Польшчы Нашы людэ жылы ліпш, чым зарэ.” Але Саветы ўжо прыйшлі. Так што лепш не атрымаецца, спазніўся. Хутка ўсё забяруць. І дзякуй не скажуць. Ды яшчэ і ў лагер. І не піянерскі! Сіл няма ўставаць. Добраахвотна не пайду. Гэтага дакладна не вытрымаю. Магу стаць антысаветчыкам. А яшчэ і белым спачуваю і бандэраўцам. Супраць камуністаў і супраць немцаў. Людзі казалі: “ Будзь заўсёды супраць – не памылішся! ” Слухаўся.

Спрабую круціць час далей, пару разоў крутануў. Тры разы пстрыкнула. Добра, што наперад, усё-такі бліжэй да дзевятнаццатага. 1942. Здалося або ўзапраўду? – нехта сказаў: “ гутэн моргэн ”. Я яшчэ ведаю гутэн абэн. Усё. Болей – не бяльмеса! Што буду рабіць? На мыгах паказваць? Студзень. Што такое колецца? Я ў лесе. У стозе сена. Мароз. Куды тут ўставаць. Немцы ў вёсцы дакладна ёсць. Амаль упэўнены, што калі стануць катаваць і ламаць косткі – магу выдаць і партызан і падпольшчыкаў. Слабы я. Страшна. Якая я свіння! Не, на гэта падпісацца не магу, як хочаце. Лепш памерці героем. Можа з Кузьмой падарву чыгунку ў Янаве… Потым аднаўляць… А сэнс?
Трэба рухацца наперад. Шанец выбрацца яшчэ ёсць – Зарадкі засталося 11 адсоткаў. (Трэба было ўвечары на падзарадку падлучацца, гультай.) Спрабую круціць далей.
Зарадкі засталося ўжо 9 адсоткаў. Энергіі становіцца менш. Хопіць яшчэ на некалькi спроб. Дні ляцяць як шалёныя і месяцы круцяцца добра. Лiчбы ходзяць як звар’яцелыя. Гады скачуць самі сабе, як захочуць. Стаўлю ліпень, будзе цяплей. Я ж басаногі – холадна. І ўсё гэты 2039 выпадае. Як на злосць. Выключу тэлефон. Ўключу. Можа само ўсё адновіцца.
Зрабіў хутка. Iзноў – год 2039. Што тут рабіць. Прыйдзецца зноў ў зачыненыя дзверы ламіцца. Здымаю “аўтаматычна”. Кручу рулетку. Гады ляцяць як птушкі. Вераб’і. Круціш назад – на злосць круцяцца наперад. Паспрабаваў круціць наперад атрымалася назад. Ну хоць так добра, што не дзень сурка.

1992. Ооо да мэты яшчэ зашмат. Бывай краіна, бывай праца. Збірай торбы і ў Польшчу на базар. Дзеці малыя. Конікам на карачках скакаць! Па другім крузе. Не вытрымаю. Уключыў камеру наадварот, гляджу ў экран і праўда – чорны. Не дрэнна. Падманвала Пугачова, што “Жыццё немагчыма павярнуць назад і мяса з катлет не ўзновiш”. Маладосць аказваецца вярнуць можна. І на скронях снегу няма, і пузік знік. Выдатна. Ужо бягу, хтосьці плача. Ледзь не саскочыў з ложка. Сваечасова стрымаўся. А назад як вярнуцца? А калі я ўжо там ёсць. Пабягу – а там другі Гена такі ж – малады і прыгожы, чорны і без пузіка. Выходзіць нас будзе два? Выносіць ногі трэба. Пакуль не позна.

Надзея пакідае. Апошні шанец. Круціць наладу ўжо не дапамагае. Пастаўлю на аўтамат. Можа сам адумаецца. Паставіў. I шчасце! Валька з кухні крычыць: ”Гена, чайнік закіпеў. Ідзі гарбату засыпай! ” Божа, дзякуй табе. Вярнуўся. Хутчэй ўстаю пакуль тэлефон не перадумаў. Можа яго выкінуць зусім. А ну як наступны раз не адумаецца, не выправіць час. Што рабіць? І Чарнышэўскі не дапаможа. Вось дурнем жа быў круглым, ня слухаўся. Казалі мне: “Tата, памяняй тэлефон, памяняй тэлефон, ён ужо стары.” Пашкадаваў баксы. Цяпер такое перажыць! Скупы плаціць за ўсё.

Зазіраю ў вакно – цёмна. Мінск, восень, лістапад. Усё правільна – на працу. Хутчэй на працу! І сіні тралейбус у выкананні Агузаравай паслухаць. Або Высоцкага – як ты выжыў, як ты спасся?

Адзначым выратаванне – вяртанне.

А кола Сансары ўсё круціцца і круціцца!
Добра хоць памяць адключаюць!

Гена Мельнiчук
Лістапад 2019

Leave Comment

Your email address will not be published. Required fields are marked *