Святкаванне 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі ў Атаве

 

11 сакавіка 2018 года, у цудоўны сонечны дзень,  у Атаве адбылося святкаванне стагодняга юбілею абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Cвята прайшло крыху раней за афіцыйную дату 25 сакавіка, і таму можна лічыць наша святкаванне было адным з найпершых у чарзе афіцыйных свят, прысвечаных гэтай важнай гістарычнай даце ў жыцьці беларускага народа.

 

Беларусы Атавы пачалі падрыхтоўку да свята яшчэ на пачатку снежня 2017 года, калі сябры Аттаўскага аддзела Згуртавання беларусаў Канады і сябры Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Канадзе распрацавалі план свята. Пасля нядоўгіх абмеркаванняў рашылі звярнуцца да дэпутата Канадыйскага парламента сп. Чандра Арыя, які прапанаваў нам правесці гэта свята ў адным з вельмі сімвалічных месц у Канадзе – у Цэнтральным будынку Канадыйскага парламента. Гэта прапанова падалася нам добрым цудам. 

Атаўская група беларусаў мае даволі шмат актыўных, ініцыятыўных і адказных сяброў, якія ўклалі свае эмоцыі і сілы, каб свята атрымалася. Не магу ўтрымацца, каб не адзначыць гэтых людзей -  Наталія Баркар, Інна і Аляксандр Каралькевічы, Ірэна і Ўладзімір Клімковічы, Аляксандра Логвін, Аксана і Сяргей Мазгавыя, Ірына і Ўладзімір Панчанкі, Галіна Рэзаіпур, Міхась Рыкаў, Галiнa Туміловіч, Пётра Шварцман, Ўладзя і Юрась Шамецька. Kожны фрагмент свята быў адпрацаваны імі да малейшых дробязяў – падрыхтоўка праграмы, аб’явы і запрашэнне гасцей, убранства памяшкання, дзе праходзіла свята, аўдыё і відэа суправаджэнне, святочны канцэрт, выстава кніг, напісаных беларусамі Канады, арганізацыя святочнага стала, і шмат яшчэ якіх дэталяў, непрыкметных для неспрактыкаванага ў такіх справах вока. Усё было зроблена на вельмі прафесійным узроўні.

Вынікам такой падрыхтоўчай працы сталася вялікая колькасць удзельнікаў свята – звыш 160 чалавек. У вялізарным зале, дзе звычайна праходзяць урадавыя паседжанні, прагучалі гімны Канады і БНР,  малітва “За Беларусь”, прачытаная архіепіскапам Святаславам (Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква), і яшчэ шмат добрых слоў ад гасцей свята.

 

Адметнай рысай святкавання ў Атаве было тое, што на свяце прысутнічала і выступіла з дакладам Старшыня Рады БНР, сп. Івонка Сурвілла. Беларусам Атавы пашчасціла, што сп. Івонка Сурвілла, якая ўсё сваё жыццё прысвячае служэнню бацькаўшчыне, яе незалежнасці і свабодзе, жыве ў нашым горадзе. Пасля даклада зал стоячы дружна вітаў яе авацыямі, a вялізарны букет бел-чырвоных руж быў толькі маленькай часткай той павагі і прызнання, якія адчувалі ўсе прысутныя.

У сваім вельмі цікавым выступленні сп. Г. Туміловіч, кандыдат гістарычных навук, расказала пра ролю праф. М.В. Доўнар-Запольскага, які абгрунтаваў асновы беларускай дзяржаўнасці і з'яўляецца аўтарам - на самой справе - асноў тагачаснай беларускай гістарычнай ідэалогіі, на якую абапіраліся лідэры БНР. 

З прамовамі выступілі прафесар З. Гімпелевіч і А. Лявончанка, старшыня ЗБК.

 

Вельмі цёплыя і адпаведныя святу словы былі сказаны дэпутатам Канадыйскага парламента, сп. Чандра Арыя, які адзначыў, што факт святкавання стагодняга юбілею абвяшчэння БНР у будынку Парламента Канады, толькі падкрэслівае тое, як Канада ставіцца і паважае культурныя і нацыянальныя традыцыі ўсіх народаў, уключаючы беларусаў.

Шмат добрых слоў на адрас удзельнікаў свята сказаў і дэпутат гарадскога савета, сп. Майкл Какіч, якi выступаў па даручэнню мэра Атавы, сп. Джыма Ватсана, і перадаў ад яго віншавальнае пісьмо. Яшчэ адной вельмі прыемнай і адметнай рысай свята была прысутнасць лідэраў і прадстаўнікоў іншых дыяспар. З вітальнымі словамі выступілі Андрыс Кестэрыс (Латвія), Лорэта Гудінайтэ-Савіч (Літва), Станіслаў Забароўскі (Польшча). Свае лісты даслалі сенатар Канады Рэйнал Андрэйчак і лідэр украінскай суполкі ў Атаве, сп. Барыс Генгало. 

 

Прыемным сюрпрызам для ўсіх быў тост за Беларусь – нашы прыгожыя жанчыны разнеслі па залу бакалы, напоўненыя белым і чырвоным шампанскім, выстаўленым на падносе ў бел-чырвона-белым арнаменце.

На “ура” прайшоў канцэрт, у якім удзельнічалі як нашы артысты з Атавы -           У. Шамецька, М. Рыкаў, П. Мурзёнак, Ю. Шамецька, Г. Рэзаіпур, Тэрэза Бакус, І. і У. Клімковічы, так і госці з Таронта – Валянціна Шаўчэнка і Ігар Чэпулкоўскі. Пасля канцэрта ўдзельнікі свята рабілі на памяць здымкі.

Не памылюся, калі скажу, што беларускае свята ў Атаве, прысвечанае гістрычнаму пачатку беларускай дзяржаўнасці ў сучасны перыяд, надоўга запомніцца як арганізатарам падзеі, там і яго гасцям.

 

Пётра Мурзёнак,

14 сакавіка 2018 года, Атава

Leave Comment

Your email address will not be published. Required fields are marked *