
Сёлета мінае трыццаць гадоў ад часу масавага нішчэньня беларускіх кніжкаў у БССР. Зьнішчана каля 2000 назоваў накладам звыш за 10 мільёнаў. Сказаў-бы хто, што чужак-калянізатар, высяляючы беларускі творчы й кіруючы элемэнт у Сібір, разбураючы культурныя асновы паняволенага народу, пераняў прыклад ад свайго блізьняка-пачвары 20-га стагодзьдзя – гітлераўскае Нямеччыны. Гэта не зусім так. Беларускі навуковец С.Брага ў сваёй працы «Доктар Скарына ў Маскве» грунтоўна даводзіць, што Маскалі спалілі Скарынавы кнігі ў Маскве, калі слаўны сын зямлі беларускае, выдатны навуковец і першадрукар завёз іх туды для пашырэньня.
Улада маскоўскіх цароў, баяраў і царкоўнікаў абапіралася тады на гвалце й народнай цемнаце. Яны пільна сьцераглі, каб ніякі сьветач звонку не разагнаў цемры – асновы іхнага панаваньня. Усё, што бязь іхнага дабраславенства пранікала ў Маскоўшчыну, падганялі пад агульны назоўнік «хулы» і «ерасі». Баяліся, каб сьвятло навукі й праўды не дайшло да простых людзей. А Скарына-ж якраз і перакладаў на беларускую мову й друкаваў кнігі Сьвятога Пісаньня «для пажытку й дабра люду паспалітага».
Ёсьць выразная паралель між лёсам Скарынавых кнігаў у Маскве й тых, што амаль чатыры стагодзьдзі пазьней маскоўскія калянізатары спалілі ў Менску. Тут і там Маскалі нішчылі беларускія навуковыя й культурныя каштоўнасьці, бо баяліся, каб народ не пазнаў праўды й ня стаўся вольным.
Што-ж супольнага маюць гэтта прыгаданыя барбарскія ўчынкі Маскалёў із творам «Гараватка»?
Канкрэтную творчую працу над «Гараваткай» папярэдзілі доўгія роздумы. Творчая йдэя мусіла дасьпець, трэба было яе вынасіць у сэрцы. Падчас гэтага выношваньня ці раз даводзілася шкадаваць, што няма пад рукою сырца – значыцца, розных гістарычных і мэмуарных матар’ялаў, што памаглі-б зазірнуць у народную мінуўшчыну. Чужакі-акупанты стагодзьдзямі забаранялі народу тварыць свае культурна-навуковыя скарбы, нішчылі ў цяжкіх умовах створанае, заціралі-замяталі сьляды нашых продкаў, каб нашчадкі былі сьляпыя.
І на зьмену прыходзілі іншыя думкі. Як-жа гэта сталася, што народ нашы, доўга прыгнятаны-ганьбаваны, пазбаўлены сваёй царквы, навуковых і культурных інстытуцыяў, арганізацыяў, даведзены да жахлівае рабскае галіты, зусім бязпраўны, так заняволены, што ўжо пазьней, каб выплысьці з гэтага жахлівага бяздоньня, мусіў насамперш дамагацца «людзьмі звацца»; як-жа народ гэты ня толькі ператрываў, але й захаваў сваю чыстую, багатую самабытнай культурай, народную душу? Дзе й у чым сакрэт народнае ўстойлівасьці?
Адказу давялося шукаць між жывых, намі знаных людзей. Гэтыя людзі жылі з намі й побач нас. Трэба было адно ўмець іх бачыць, да іх прыслухоўвацца. У безпрасьветнай цемры яны выглядалі простымі, звычайнымі. Адылі яны розьніліся ад іншых тым, што тварылі, вялі як умелі, ды безаглядна змагаліся з чужнікамі за свой быт і правы. Прыгадайце непісьменных, можна сказаць, вусных паэтаў і казачнікаў, вясковых мудрацоў, таленавітых мастакоў-самародкаў, сьпевакоў, якім чужнікамі былі пазачыняныя ўсе дарогі ў людзі. Народны фальклёр гэта-ж ня што іншае, як вялікі багаж народнага мастацтва й мудрасьці, якраз во створаны гэтымі людзьмі. У вольнай сваёй дзяржаве, здабыўшы навуку, гэтыя людзі вялі-б за сабой народ, былі-б ягонай славай. Колькі-ж нашых талентаў змарнела, або, выхапленых з народнае гушчы чужнікамі-калянізатарамі, пасьля сталася красой і славай чужых дзяжаваў і культураў!
Гэтыя народныя мудрацы й самабытныя творцы якраз і былі тымі жыцьцядайнымі клеткамі, празь якія ў чужой няволі пульсавала беларуская нацыянальная кроў. Гэта ў найбольшай меры былі тыя ўстойлівыя карані, якіх ня мог падсячы чужы барбар-прыблуда. Падчас народных паўстаньняў яны выходзілі на перадавыя пазыцыі, вялі за сабою народныя масы.
Народныя асілкі-волаты, трывалкія й устойлівыя ў штодзённай злыбядзе, сьціплыя й гэройскія ў змаганьні, мудрыя й непрыміральныя да народных ворагаў, ёсьць славай і натхненьнем наступных пакаленьняў. Ці-ж ня варты яны таго, каб знайсьці ў нашай літаратуры другое нараджэньне?
Працэс падсяканьня чужнікамі нашых народных карэньняў, устойлівасьць і рост гэтых карэньняў, цяжкое змаганьне з чужой навалой – тэма вялікая, удзячная й цікавая. Яна даўно кліча да працоўнага варштату тварцоў беларускае культуры.
«Гараватка» – гэта сьціплая спроба адлюстраваньня кароткага, але як-жа бурліва-жахлівага адрэзку нашае гісторыі. Твор разплянаваны на тры кнігі. У «Дзярлівай птушцы» мо дарма нехта спадзяваўся-б знайсьці поўнае мастацкае й жыцьцёвае завяршэньне асобаў і дзеяў.
Дарэчы, колькі словаў аб адмоўных пэрсанажах.
Вырадкі, што ёсьць у кожным грамадзтве й народзе, быццам тая буза на чыстай крынічнай вадзе, засьмечваюць народны арганізм. Калі-ж чужая ўлада намагаецца падпарадкаваць гэты арганізм шляхам разкладаньня, нікчэмнікі гэтыя стаюцца шкоднымі й ненажэрнымі бацыламі – упіваюцца ў жывы мякіш народнага цела, ідуць на здраду сваім і на службу ворагам. Калі прыгадаеш, што за панаваньне над нашым народам вось ужо даўно змагаліся дзьве ці тры варожыя сілы, усьведаміш латва, чаму гэтыя вырадкі-нікчэмнікі былі ў вялікім попыце.
У «Дзярлівай птушцы» яны адно пачынаюць расьці. Выплывуць яны наверх і ўзбуйнеюць ці, як кажа народ – вырастуць ім рогі – калі працавітыя й богалюбівыя нашыя людзі апынуцца пад «роднапартыйнай» уладай ці пазьней яшчэ пад ботам «гэрэнфольку».
Наапошку, ад імя выдавецкае супалкі «Пагоня» я многа забавязаны тым нашым суродзічам на выгнаньні, каторыя фінанасава памаглі выдаць гэтую кнігу. Усіх гэтта не магу прыгадаць, дый некаторыя з розных меркаваньняў не жадаюць публічнае падзякі.
У першую чаргу выданьне кнігі грашова падтрымалі наступныя асобы, каторым належыцца вялікая ўдзячнасьць: А.Протас, інж. В.Станкевіч, С.Карніловіч, К.Каранеўскі, ген. Ф.Кушал:, д-р Б.Рагуля, А.Субота, Б.Даніловіч, В.Стома, Н.Сільвановіч, д-р Я.Сажыч, інж. Ч.Ханяўка, мгр. П.Манькоўскі, А.Монід, А.Маркевіч, д-р Л.Трусэвіч, В.Касьцюкевіч, М.Нікан, д-р В.Васілеўскі, д-р Ул.Бакуновіч, Ч.Будзька, мгр. В.Навіцкі, С.Гутырчык, Л.Стагановіч, П.Кажура і Ўл.Курыла. Вельмі дзякую Брату ў Хрысьце а.Яну Пятроўскаму, каторы сходнай цаной за друк, зычлівымі парадамі дый борздым і добрым выкананьнем друкарскае працы ці не найбольш спрычыніўся да хуткага выхаду першае кнігі «Гараваткі» ў сьвет.
1963-64
К.Акула
