Ванкарэм Нікіфаровіч (15.11.1934 – 16.01.2012) – даследчык літаратуры, крытык,
публіцыст, сцэнарыст, перакладчык. Выступаў у друку з 1958 года. На творчым
рахунку пісьменніка кнігі “Усяму свету – свой дар” (1973), “Дарогі ў шырокі свет”
(1979). Ён разам з Рыгорам Барадуліным перакладаў творы балгарскага
пісьменніка Стэфана Паптонева: зборнік “Беларусь – белая балада” выйшаў у 1979
годзе. За папулярызацыю твораў балгарскіх пісьменнікаў Ванкарэм Нікіфаровіч
быў узнагароджаны балгарскім ордэнам Кірылы і Мяфодзія.
З 1987 года ён працаваў кіраўніком літаратурна-драматычнай часткі
Нацыянальнага драматычнага тэатра Беларусі. Ім было напісана многа п”есаў,
сцэнарыяў, інсцэніровак для Беларускага тэлебачання па творах нашых
пісьменнікаў. Сябра Ванкарэма Валяр”янавіча Рыгор Барадулін, да прыкладу, бы
усцешаны сцэнарыем фільма “Паэзія Рыгора Барадуліна” (1988). Быў ад
Нікіфаровіча выдатны падарунак і Васілю Быкаву: пераклады яго твораў на
рускую мову.
З 1993 года В. Нікіфаровіч жыў і працаваў у ЗША. Допіс яго ў газеце “Літаратура і
мастацтва” (24.ХІІ.1993 г.) сведчыць пра спрыянне аўтарскім канцэртам
чыкагскага кампазітара і выканаўцы Міхася Клейнара, у праграме якога значнае
месца займалі песні і рамансы на словы Н. Арсенневай, Р. Барадуліна, Г.
Бураўкіна, А. Грачанікава, У. Дубоўкі, Я. Купалы і іншых паэтаў. Некаторыя
тэксты рамансаў кампазітара былі пераствораны на беларускую мову В.
Нікіфаровічам. Нездарма яго допіс “Чыкагскія каляды” заканчваецца такімі
словамі: “Дзякуем вам за мову нашай маладосці!” – гэты красамоўны вокліч гучаў
падчас апладысментаў пасля кожнага канцэрта М. Клейнара”. У тым жа “ЛіМе”
(8. 08.1997 г.) быў надрукаваны вялізны аналітычны артыкул В. Нікіфаровіча
“Загадка Марка Шагала”.
Ён сябраваў з сям”ёй Рамукоў – Верай і Вітаўтам, спрыяў ім у публікацыях. У
2007 годзе ў Мінску быў выдадзены ўкладзены ім зборнік драматургіі
“Урачыстасць у садзе”. Яго артыкул пра Алеся Адамовіча “А ці зразумелі яго
людзі?” таксама быў надрукаваны ў Мінску (часопіс “Дзеяслоў”, 2013 г.).
Я зрэдзьчас перапісваўся з Ванкарэмам Валяр”янавічам. Захавалася і вось такая
іскрынка з яго зычэнняў: “Сяргею Панізніку з павагай і шчырасцю, з пажаданнямі
ўсмешак, аптымізму, радасці, весялосці, добрага настрою, і – галоўнае, —
здароўя…”
Усцешаны тым, што магу паказаць аўтографы. Стэфан Паптонеў напісаў па-
балгарску, а ардэнаносец пераклаў: “Сяргею Панізніку з самымі лепшымі
пажаданнямі творчых поспехаў і новых сустрэч. Пераклаў і далучыўся да слоў
аўтара і перакладчык – Ванкарэм Нікіфаровіч”. Было гэта 2 кастрычніка 1979 года.
Пазней для набыцця вагі кнігі “Беларусь – белая балада” з дарчым надпісам
далучыўся і Рыгор Барадулін. Вось чаму хочацца закончыць свой допіс радкамі з
выказвання Рыгора Іванавіча пра свайго сябра Ванкарэма Нікіфаровіча: “І, я
думаю, тое, што ён зрабіў для беларускага адраджэння, застанецца ў памяці
наступных пакаленняў”.
Вера і Вітаўт Рамукі паказваюць Сяргею Панізьніку «Чатыры паравіны году» Марка Шагала. у Чыкага Верасень 1990 года.
Сяргей Панізьнік,
студзень 2022