Справаздача аб дзейнасці МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” за 2020 год
У 2020 годзе Беларусь напаткала некалькі і сур’ёзных выклікаў, якія паўплывалі на ўсё грамадства і, канешне ж, на дзейнасць нашай арганізацыі – гэта пандэмія каронавірусу і палітычны крызіс, у якім апынулася краіна пасля выбараў прэзідэнта ў жніўні 2020 года. Згуртаванню даводзілася рэагаваць на гэтыя выклікі па меры іх ўзнікнення і адпаведна гэтаму перабудоўваць сваю дзейнасць, якая ажыццяўлялася ў адпаведнасці са Статутам аб’яднання і на падставе рашэнняў яго кіруючых органаў. Год пачаўся з прыемнай навіны пра тое, што кіраўніцы арганізацыі – Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская – былі вылучаныя беларускай службай “Радыё Свабода” сярод асобаў 10-годдзя, якія рабілі Беларусь лепшай. Штодзённа ішла бягучая праца Згуртавання, камунікацыя з сябрамі арганізацыі з Беларусі і замежжа. Штодзённа абнаўляўся сайт Згуртавання zbsb.org, штомесяц выдаваўся і дасылаўся ў электронным выглядзе па суполках беларусаў замежжа і іншых падпісчыках бюлетэнь “Беларусы ў свеце”. Рыхтаваліся і накіроўваліся віншаванні сябрам “Бацькаўшчыны” і суполкам, якія адзначалі юбілейныя даты. Так, былі адзначаныя юбілеі сяброў Рады: колішняй старшыні Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі Лёлі Міхалюк, супрацоўніка шведскага радыё і аўтара шматлікіх беларускіх культурніцкіх праектаў Дзмітрыя Плакса, навукоўца і грамадскага дзеяча Валянціна Голубева, старшыні Севастопальскага таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча “Пагоня“ Валерыя Барташа, прэзідэнткі Асацыяцыі беларусаў Эстоніі Ніны Савінавай, кіраўніка Беларускага саюзу ў Польшчы Яўгена Вапы, навукоўца і архівіста Лявона Юрэвіча. Адпаведнымі віншаваннямі і публікацыямі рэагавала Згуртаванне на трохгоддзе беларускай эстонскай арганізацыі “Спадкі”, 30-годдзе з дня рэгістрацыі нашага Згуртавання “Бацькаўшчына”.
Прыемныя і ўрачыстыя падзеі адбыліся і ў сябраў нашага Згуртавання. Так, у сакавіку пабачыла свет новае грунтоўнае даследаванне Вячкі Целеша, сябра Вялікай Рады Згуртавання з Латвіі. Вячаслаў Бортнік з Вашынгтона атрымаў Прэзыдэнцкую срэбную ўзнагароду за добраахвотнiцкую працу President’s Volunteer Service Award (Silver). А кніга “Мова” нашага аўтара Віктара Марціновіча стала лідарам продажаў “Белкнігі” на кніжнай выставе ў Мінску. У Італіі прэзентавалі першую Анталогію беларускай паэзіі ХХ стагоддзя на італьянскай мове, а Адам Мальдзіс быў уганараваны дыпломам БІНіМ Канады за 2020 год за надзвычайны ўклад у развіццё беларускай культуры і літаратуры. Акрамя таго, дзякуючы намаганням беларуса Швейцарыі Аляксандра Сапегі прах нашага славутага суайчынніка Змітрака Бядулі вярнуўся на Радзіму. У перапахаванні ўзялі ўдзел старшыня Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская і намеснік старшыні Рады Валер Герасімаў. Каб веды пра беларусаў замежжа шырыліся “Бацькаўшчына” паспрыяла таму, каб у інтэрнэт-краме kniganosha.by з’явіўся раздзел “Бібліятэкі Бацькаўшчыны”, дзе стала магчымым набыць як кнігі, выдадзеныя на замову Згуртавання, так і асобныя выданні беларусаў замежжа. У мінулым годзе Згуртаванне ўжо традыцыйна ўдзельнічала ў вызначэнні пераможцаў і ва ўручэнні прэмія імя Наталлі Арсенневай разам з РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. Прэмія была закліканая ўшанаваць найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове і ўручалася пры падтрымцы Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. Мінулымі лаўрэатамі прэміі былі Уладзімір Някляеў, Алесь Разанаў і Марыя Мартысевіч. У працяг асветнай дзейнасці, у кастрычніку 2020 года на замову “Бацькаўшчыны” выйшаў збор рэвалюцыйных прац Вітаўта Тумаша пад адной вокладкай. Кніга мела ажно чатыры прадмовы, а кожны са змешчаных у ёй тэкстаў грунтоўна пракаментаваны даследчыкамі-ўкладальнікамі Наталляй Гардзіенка і Лявонам Юрэвічам. А ў лістападзе, улічваючы рост папулярнасці гімна “Магутны Божа”, мы разам з пазначанымі даследчыкамі выпусцілі кнігу пра аўтара музыкі гімна – Міколу Равенскага. 2 Не абыйшоўся 2020 год без стратаў. У Кліўлендзе памерла Ірэна Каляда-Смірнова, мецэнатка, якая шмат гадоў дапамагала ў рэалізацыі культурных і гуманітарных праектаў, была сталай партнёркай нашай арганізацыі.
Ва Украіне пайшоў з жыцця сябра Рады Згуртавання Пятрусь Капчык, а ў Беларусі – выдавец Валер Санько. У красавіку мы ўзгадвалі айца Аляксандра Надсана, з часу смерці якога прайшло 5 год. А ў чэрвені разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў кіраўніцтва Згуртавання традыцыйна ўшанавала памяць першага кіраўніка арганізацыі, славутага пісьменніка – Васіля Быкава, усклаўшы кветкі на месца ягонага пахавання. Разам з усёй грамадскасцю Беларусі Згуртаванне рэагавала на выклікі пандэміі, што пачала пашырацца ў нашай краіне. У межах кампаніі “Будзьма беларусамі” мы зрабілі цэлы шэраг акцый з мэтай пашырэння ўзаемадапамогі, а таксама звярталіся да беларусаў замежжа з просьбай дапамагчы сваёй краіне ў гэты цяжкі час. Таксама Згуртаванне правяло інфармацыйную кампанію “Дапаможам разам!” з заклікам да грамадства аказваць дапамогу дамам-інтэрнатам і іншым уразлівым групам. А пазней заклікалі ўсіх неабыякавых да ўдзелу ў акцыі “Чытай і здаравей”, у выніку якой сотні кніг беларускіх аўтараў былі перададзеныя ў шпіталі, дзе ляжалі людзі, хворыя на каронавірус. У красавіку Згуртаванне звярталася да грамадскасці Беларусі з просьбай падпісаць петыцыю аб неабходнасці застрахаваць жыцці беларускіх медыкаў, якія апынуліся на перадавой барацьбы з кавідам. Адмыслова для дзетак мы спрыялі перакладу з украінскай на беларускую мову размалёўкі для дзетак пра каронавірус, якая была надрукаваная тысячным накладам і перададзеная ў садкі і дамы-інтэрнаты нашай краіны. І канешне ж, нашае Згуртаванне актыўна рэагавала на тыя грамадска-палітычныя працэсы, што ішлі ў краіне цягам усяго года. У пачатку года арганізацыя атрымала адказы на свае лісты да дзяржаўных структур Беларусі ў абарону суверэнітэту краіны. Прычынай зваротаў сталі перамовы, што праходзілі ў атмасферы закрытасці паміж уладамі Беларусі і РФ па паглыбленні інтэграцыі. Кароткі змест адказаў ад дзяржаўных устаноў, акрамя цытат і спасылак на дзяржаўныя праграмы і пастановы, можна звесці да наступнага: узаемавыгаднасць супрацоўніцтва, доступ да рынкаў на роўных умовах, уніфікацыя мытнага заканадаўства, роўныя ўмовы для суб’ектаў гаспадарання абедзвюх краін, але пры гэтым і нязменнасць курсу на ўмацаванне суверэнітэту Беларусі.
У сакавіку 2020 года сябры кіруючых органаў Згуртавання далучыліся да Звароту грамадскіх дзеячаў з нагоды 102-годдзя БНР. У дакуменце, сярод іншага, указвалася, што шэраг важных прапаноў Аргкамітэту па святкаванні 100-годдзя БНР так і не быў рэалізаваны, сярод якіх: усталяванне мемарыяльнай дошкі на будынку, у якім абываліся гістарычныя падзеі; перайменаванне вуліцы Валадарскага ў вуліцу братоў Луцкевічаў; пасоўванне мемарыяльнага знаку ў гонар Івана і Антона Луцкевічаў бліжэй да вуліцы Янкі Купалы. А ў траўні, разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў мы заклікалі ўлады адмяніць публічныя мерапрыемствы (на 9 траўня планавалася ў Мінску вялікае святкаванне 75- годдзя Перамогі), выдаткаваўшы гэтыя рэсурсы на барацьбу з пандэміяй і падтрымку медыкаў. Яшчэ да выбараў, мы разам з культурніцкай супольнасцю Беларусі выступілі з заявай супраць палітычна матываванага пераследу дзеячаў культуры. Таксама ў давыбарчы перыяд, мы, на просьбу беларусаў замежжа, звярнуліся ў Цэнтрвыбаркам з запытам як беларусу замежжа вылучыцца ў назіральнікі. Атрыманы адказ размясцілі на сайце і ў сацыяльных сетках. Пачынаючы з трагічных падзеяў жніўня, наша арганізацыя была вельмі актыўнай на звароты да дзяржаўных структур. У жніўні мы разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў заклікалі ўлады краіны спыніць раскол у грамадстве праз супрацьпастаўленне дзяржаўных і нацыянальных сімвалаў, на што дзяржаўныя ўстановы нам адказалі, што „менавіта афіцыйныя знакі дзяржавы аб’ядноўваюць усіх грамадзян нашай краіны ў імкненні і жаданні рабіць усё лепшае ў імя росквіту нашай каханай Беларусі“ разам з запэўненнямі ў тым, што „дзеючая ў Рэспубліцы Беларусь сістэма дзяржаўнай улады ў поўнай меры кантралюе сітуацыю,3 якая склалася, прымае неабходныя меры па яе стабілізацыі“ і, што “сітуацыя прынятая да ведама”. Тады ж, у жніўні, у ФБ з’явіўся пост мінулага дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі Андрэя Раўкова адносна беларускай дыяспары, з якога вынікала, што ўдзельнікі пратэстных акцый у розных краінах свету “нічога не зрабілі для сённяшняй краіны, а ўвесь іх настальгічны “патрыятызм” раптоўна ўспыхвае, калі папросяць”. Мы звярнуліся да гэтага дзяржаўнага служачага з заклікам выбачыцца перад дыяспарай і распавялі пра дапамогу, якая пастаянна аказвалася нашай краіне беларусамі замежжа. У сувязі з тым, што цягам 2020 года ў замежжы з’явілася шмат новых ініцыятыў, прыйшлі новыя людзі ва ўжо існуючыя асяродкі дыяспары, Згуртаванне імкнулася арганізаваць дыялог паміж рознымі суполкамі беларусаў замежжа, а таксама аказваць ім інфармацыйную і метадычную дапамогу. Прадстаўнікі Згуртавання ўдзельнічалі ў першым онлайн-кангрэсе беларусаў свету з выступам пра гісторыю беларускага замежжа, а таксама пра ролю, якую дыяспара можа адыгрываць у развіцці Беларусі на прыкладзе іншых краін. Як і раней, 12 гадоў запар “Бацькаўшчына” выступае каардынатарам грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!” У межах кампаніі вялася наступная дзейнасць. З-за пандэміі істотна змяніўся фармат і мерапрыемстваў у межах кампаніі. Давялося пераводзіць іх па-магчымасці ў фармат онлайну. Так, менавіта ў такім фармаце былі праведзеныя наступныя сустрэчы з экспертамі: “Будзьма моцнымі” (сустрэча з інструктарам па фітнэсу аб тым, як захаваць фізічнае здароўе, не выходзячы з дому), “Будзьма стойкімі” (сустрэча з псіхолагам, як мінімізаваць наступствы сацыяльнай ізаляцыі), “Будзьма моднымі”, “Будзьма экалагічнымі”, “Затрымалі блізкага чалавека? Што і як можна перадаваць?” і да т.п. Актыўна запрацавала наша інтэрнэт-крама budzma-krama.by. Яна была заснавана адмыслова, каб дапамагаць дзейнасці кампаніі, калі выйдзе на адпаведную акупляльнасць. Першыя год-два для маладога, асабліва сацыяльнага бізнэсу, у асноўным беспрыбытковыя, але мы актыўна працуем над пашырэннем сеткі пастаўшчыкоў і асартыментам. У лютым кампанія годна адсвяткавала Дзень роднай мовы праз арганізацыю актыўнасцяў на “Мова Фэсце”, што ладзіла “Артсядзіба” разам з шматлікімі партнёрамі. З нагоды сусветнага дня паэзіі мы выпусцілі праз он-лайн краму цэлую серыю цішотак з цытатамі беларускіх пісьменнікаў. Першымі ў літаратурнай лінейцы ад “Будзьма!” сталі чатыры прынты з цытатамі Уладзіміра Караткевіча, Ларысы Геніюш, Яўгеніі Янішчыц і Янкі Купалы. А пазней мы прыйшлі да ідэі пераасэнсавання слуцкіх паясоў, у выніку чаго выпусцілі шэраг шалікаў і хустак. 25 сакавіка разам з кампаніяй “Годна” мы зладзілі прэм’еру песні і кліпа “25 сакавіка” ў выкананні Змітра Вайцюшкевіча на верш Уладзіміра Некляева. Ад пачатку года разам з кампаніяй “Годна” і SATIO мы працавалі над грунтоўным даследаваннем пад назвай “Каштоўнасці і нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў”. Справа ў тым, што пасля 2014 года, нашага апошняга сацыялагічнага даследавання на тэму нацыянальнай ідэнтычнасці, больш працы ў гэтым накірунку не рабілася, адпаведна, немагчыма было параўнаць вынікі і ацаніць працэсы, якія адбыліся за гэты час. У чэрвені мы разам з партнёрамі зрабілі онлайн-прэзентацыю часткі вынікаў даследавання, з якімі можна азнаёміцца на нашым сайце. Увосень мы ініцыявалі працу над календаром “Не маўчы па-беларуску”. Гэты праект ідзе ўжо шмат гадоў запар і карыстаецца любоўю чытачоў. У гэтым годзе было распрададзена каля 17 тысяч асобнікаў, хаця частка накладу была забраная ў выдавецтве “Кнігазбор” дэпартаментам фінансавых даследаванняў, як і частка накладу кнігі Віктара Марціновіча “Рэвалюцыя”, што таксама пабачыла свет пры нашым удзеле. Таксама ў 2020 годзе мы распачалі некалькі грунтоўных онлайн-праектаў, публікацыя якіх запланавана на 2021 год. Найперш гэта онлайн праект “Словы мацней”, у якім, творцы, што зведалі затрыманні ці штрафы, чытаюць творы рэпрэсаваных у 1937-м годзе беларускіх пісьменнікаў. Наступны праект у распрацоўцы – гэта онлайн курсы па гісторыі Беларусі: асвятленне самых цікавых і разнастайных момантаў нашай гісторыі і культуры. 4 Таксама ў 2020 годзе нашы навукоўцы працягвалі працаваць над вывучэннем гістарычнай спадчыны і сучаснага стану беларускай дыяспары, і вынікам гэтай дзейнасці, мы спадзяемся, будзе выданне адпаведных кніг ў 2021 годзе