Юбілярам 2020 года прысвячаецца

«Сяргей Сахараў» — аўтар Пётра Мірановіч

«Сяргей Сахараў» — аўтар Пётра Мiрановіч

          МАЦЯРЫК  МАЦЯРОК – БАЦЬКАЎШЧЫНА БАЦЬКОЎ


                  Юбілярам 2020 года прысьвячаецца

     Зямлі і Неба творцы радасна сьпяваюць,--
                 і з вышыняў ім анёлы цуды абвяшчаюць:

Рыгору Барадуліну (85), Уладзіміру Караткевічу (90), Міколу Аўрамчыку (100),
Ларысе Геніюш (110), Яну Скрыгану (115), Міхалу Забэйду-Суміцкаму (120),
Ігнату Дварчаніну (125), Сяргею Палуяну (130), Сяргею Сахараву (140), Янісу
Райнісу (155), Яну Чэрскаму (175), Альгерду Абуховічу (180), Францішку
Скарыне(530)

…………………………………………………………………………………………………………

Айчына – Айца іскрына,
для нашых надзей садавіна…
    Продкамі вылучаная,
    нашчадкамі вымашчаная,--
вымучаная, зашчабятаная,--
а б е т а в а н а я !
    Не растайная – наканаваная,
    вылюдкамі не здратаваная.
Для Будучыні падрыхтаваная,--
    каб і мама на ўскрык
    пры нараджэнні новым
дзяціне аддала пялюшкі – Словы:
люду галовы пайдуць на ловы Мовы.
    О, Край! А-край-чыкам не карай:
    Радзіма – роем створаны Рай.
Хай лашчыцца небакрай
да гасьцінцаў-дарог,
    шчакоча галінкамі гай…
    Кожны айчыннік – Ведаў ратай:
зь ім зёлкі уськідвае Травень-Май
на мары: -- Мары прымай, --
    каб рошчынай вопыту  -- з-пад аблачыны
    напаўнялася аж да лагчыны --
Спадчына! Яна і ляйчына,
каб родны шанаваць парог,
    бацькі нарог, бабулі  пірог…
    І над матулінымі рушнікамі
з узнятымі для прычасьця рукамі
заўсьміхаецца Бог!
------------------------------------------------------------------------------
  Мары – павозка продкаў.
  Францішак Скарына нарадзіўся ў 1490 г. 500 гадоў таму, у 1520-м заснаваў у Вільні
першую ва Усходняй Еўропе друкарню, дзе ім былі выдадзены кнігі у 1522 і 1525 гадах

«Францішак Скарына» –аўтар Валер Дзевіскіба

«Францішак Скарына» --аўтар Валер Дзевіскіба

                              Сяргей Панізьнік

    Малітва Скарыны

Во гэтаксама, як дзічына:
на дальні выбегла лужок,
а прызнае сваё лаўжо;

як птушачка: з-пад аблачыны
палі, разлогі аглядае,
а ведае сваё гняздо
ў траве высокай і густой;

як рыба: ў касяку гуляе;
плыве да берага чужога,
а чуе схоўныя віры;

як пчолы: ў полі да пары,
а ворага ля іх парога,
вулей  баронячы, зваююць,--

таксама й людзі: да зямлі,
дзе ўзгадаваныя былі,
дзе Бог ім сэрцы акрыліў, --

любоў вялікую мілуюць.

    6.11.2009

                         

Уладзімір Караткевіч, 26.ХІ.1968

Уладзімір Караткевіч, 26.ХІ.1968

     Стане Памяць на дыбы

        Уладзіміру Караткевічу --
      показка, але не казка

Пайшло Сонца па грыбы.
Бачыць: дым ідзе з трубы.
  Караткевічаўскі Зай
  нешта варыць…
  --Вылязай!--
Зайку ветла кліча Сонца,
квартай стукае ў ваконца:

   --Я знайшла грыбы ў бары.
  Жулік! Мне жульен звары:
  грыб падсмаж
  да крэкту сківіц,--
каб Валодзя, наш руплівец,
і зычлівец, і шчаслівец,
горды шляхціч, жрэц-лацінец
не пакінуў наш дзяцінец.

  Не драмаў дзесь у снягах,
  а трымаў Радзімы Сцяг.
Ну а ты, мой золкі Зайка,
у камору залязайка.

  Хай зырчыць твая кантора.
  Я ж скачуся аж да мора,
  а вярнуся да Валодзі,--
  звонкай песняй прымалодзім
     успаміны пра грыбы,
     рагачоўскія дубы,
     пра аршанскія слупы,
     і дзявоцкія клубы…

Стане
       Памяць
                  на дыбы!
----------------------------------------
  Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (26.ХІ.1930, Орша –25.07.1984, Мінск)--
паэт, празаік, драматург, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры.
  Жульен – закусь, прыгатаваная з курыных крыльцаў і грыбоў (улюбёны пачастунак Караткевіча-кухара.
  Старажытныя егіпецкія жрацы – прыслуга багоў.
  Клубы – сцёгны.

                           31.05.2010
                                                   Сяргей Панізьнік

Яніс Райніс у Мінску, лістапад 1925 г.

Яніс Райніс у Мінску, лістапад 1925 г.

 Яніс Райніс

Улюбёнец у Айчыну

Хто любіць Айчыну, той мае свой кут --
І дах над сабой і апошні прытулак;
Такому тут хлеб і любоў – паратунак,
Такому разумныя існасці – тут.

Ды не! Ёсць яшчэ закаваныя сэрцы, --
З іх молат не выкрасе іскры пакут.
Айчыне не будуць яны аднаверцы.

Іх лёс бесталанны вось з гэтай прычыны
Ў падмурак не ляжа каханай Айчыны.

         Пераклаў з латышскай мовы Сяргей Панізьнік
        паводле падрадкоўнікаў Ніны Янсанэ (Панізьнік).

Ларыса Геніюш. Зэльва, ліпень 1968 г.

Ларыса Геніюш. Зэльва, ліпень 1968 г.

Вершы-прысвячэнні  Ларысе Геніюш

   НА ПРАЖСКІМ ХОДНІКУ

Купала ветла-далікатна
Ларысу Геніюш вядзе.
Ні інквізітара, ні ката
няма нідзе у грамадзе.

І Прага паглынае крокі,
іх атуляе галасы.
Няма цанаўскай памарокі,
панамарэнкаўскай лазы.

Не зацінаюць горла спазмы,
не малакровіцца спадзеў…
У Вінаградах з выспы-пасмы
на іх з Забэйдам я глядзеў.

Разводзя падсыхала брага,
Скарыны рэха –між муроў…
Нагадавала Злата Прага
будзіцеляў-валадароў.

Ляўкамі ці Інтой карацца
паэты будуць…Пражылі
ГУЛАГаўскую эміграцыю
Купала, Геніюш… Змаглі

І мы ў нялёгкі час накатны
згадаць у мутнай злыбядзе:
праз Прагу ветла-далікатна
Ларыса Янука вядзе.
-----------------------------
Янка Купала наведаў Чэхаславакію
ў 1925, 1927, 1935 гг.


   ВЯЧЭРНЯ Ў ЗЭЛЬВЕ

Зоркі ў небе сцерагчы
жнівень даручае.
Знічка-Геніюш ключы
ў неба пазычае,--
    аддала да каліва
    промнікі на паліва:
    у ГУЛАГу вершы грэлі
    нескароныя арэлі.
Зоркі ў небе – як сяйво
Бацькаўшчыны вечнай.
Знічка-Геніюш брыво
узняла і сведчыць:
    --Пранясу вячэрняю
    я любоў дачэрнюю,--
    каб з малітваю дабрэлі
    душы – Богавы арэлі.
Зоркі ў Зэльве й праз гады
нашу веру ўсплодзяць.
Ноч засне – дзень малады
з намі будзе ў згодзе.
    Будзе жыць вялебная
    Нацыя паднебная:
    на вячэрняй акварэлі --
    Знічкі-Геніюш арэлі.

   ЛАГЕРНЫЯ ПРЫДУРКІ

       Малакваліфікаваная, але спрытная ля начальства
   Люцыя Антонаўна ўмела жыць. Яна была адным з
   першых лагерных прыдуркаў, як называлі адміні-
   страцыюлагера са зняволеных.
                         Ларыса Геніюш. “Споведзь”

Каб да канца начальнік не затуркаў,
у хітрых – асаблівая брахня.
Свая “тынкоўка” ў лагерных прыдуркаў:
прыдуркавасць –іхняя браня.

Не любяць палітычныя іх нораў:
у “Споведзі” прыхільнасці няма…
На Божы свет яны не пнуцца з нораў,
нібыта і прывыклі да ярма.

З такога вось прыдурка ўзяткі гладкі.
У ролю увайшлі, і не сарваць
з прыдуркаў іх дурацкія манаткі.
З прыдуркам цяжка кедры пілаваць

І валачы лясіны ў кубатурку:
не ўскрыліцца надзея з-пад павек…
…Хто выжываў у лагерах? Прыдуркі.
У лагерных прыдуркаў доўгі век.
---------------------------------------------
  Люцыя Антонаўна Тэтэрыс (народжаная Клагіш) мне пісала,
што ўдзельнічала ў Латвіі ў беларускім культурна-асветным
руху, ставіла спектаклі. Была знаёмая з Янкам Купала,
сустракала яго ў Рызе ў 1941 г. Карнымі савецкімі органамі
пасля вайны была рэпрэсіравана. У зняволенні былае артыстка
выконвала ролю “лагернага прыдурка”.

   Сяргей Панізьнік



                 

«Выхад да мора Рыгора Барадуліна». Юрмала, ліпень 1966 г.

«Выхад да мора Рыгора Барадуліна». Юрмала, ліпень 1966 г.

    20—годдзю творчага звання

                Я—з барадой лясны вярблюд—

                 Народным стаў паэтам.

                         Рыгор Барадулін

І не крынічную ваду,--

Насілі – у  народ – бяду

І нагаворную жуду…

А я не сам сябе вяду:

Трымаюся за бараду,-

З Народным у народ іду.

Яго цвялілкі падвяду

Да хуткамовак пры сустрэчы,

Дзе й прыбабунечка дарэчы,

Зычэнні, показкі – на вечы!

У снуйцы мовы чалавечай

Язык гаворку не скалечыць:

Замова пойдзе ў грамаду.

Іду з Народным у народ,--

І скача слова з рота ў рот…

Вунь – афарызмаў агарод,

Дражнілка прабівае плот,

А пажаданкі – шротам – дот…

Здзіўляецца Кот Абармот:

--У вас, я думаў, моўны зброд…

У нас выслоўі гаваркія

У прымаўках заместа кія.

І абзываначкі такія:

Дрыжаць дуронікі ліхія.

О, вёскі ў нас не ўсе глухія.

Гулёк, і ты ў народ ідзі,

Ідзі з Паэтам, з яго Словам.

З разумным досціпам – разлогам

Ідзі і слухай, і глядзі,

Бубнілкай сэрцы маладзі!

Хай за праспектамі і сцежкі

Гагочуць з прыказкі-пацешкі.

Хай і чыноўніцкія куры

Дзяўбуць намёкі-каламбуры.

Не стане ахламонам той,

Хто вып”е водзыўкі настой.

Гарэзных, словалюбна-мудрых

Рыгор не азаве: --Лахудры…

Народны пэўніць:-- Мова – Страж.

Не вымрам, мымры. Горад – наш!

         

Міхал Забэйда-Суміцкі на кватэры ў Празе, 1972 г.

Міхал Забэйда-Суміцкі на кватэры ў Празе, 1972 г.

      СКІБА СПАТОЛІ

      На згадку пра Міхася Іванавіча Забэйду-Суміцкага
   (14.06.1900—21.12.1981) – навучэнца Маладэчанскай
          настаўніцкай семінарыі у 1914 – 1915 гадах.

А дзе Шлях Млечны
да Маладэчны?
    Пазначыў крэйдай
хто тут вучыўся
і адлучыўся --
    Міхал Забэйда.

У торбе – Харбін.
Мілан – у фарбе!
    А там –і Познань.
З Варшавы – Вільня:
жыцця плавільня.
    То рань… То --  позна…

А шлях у Прагу:
у рай ад страху.
    Пазнаў адлігу.
І як з палона --
спеў “Suprafon”а!
    …Ды зноў на крыгу.

Вярніся, Тэнар!
Чакае сцэна,
    дзе Ты з Альфрэдам;
аддай маністы
семінарыстам
    і ўсім скарэдам.

Ты госць адвечны
для Маладэчны,
    для Шэйпіч – глыба.
Уявім: песня
Твайго прадвесня --
    спатолі скіба
    з выявавай німба.
--------------------------------------------------
х) Харбін, Мілан, Варшава, Вільня, Прага – творчыя прытулкі
   М.І. Забэйды-Суміцкага; в. Шэйпічы – месца з”яўлення на свет.
хх) Дзякуючы беластоцкім сябрам дыск з песнямі Забэйды ў 1968 г.
   быў выдадзены фірмай “Suprafon”.
ххх) Чэшскі піяніст Альфрэд Голечэк—арыгінальны музычны суаўтар
   Спевака Забэйды, які выконваў песні на 16 мовах свету.

                          17.04. 2018



   

Мікола Аўрамчык у студыі БТ, вясна 1980 г.

Мікола Аўрамчык у студыі БТ, вясна 1980 г.

Мае віншаванні з надыходным багатым на юбілеі, натхнённыя падзеі, радасныя сустрэчы --новым 2020-м годам!
У шчырасьці з паклонам — Сяргей, сын Сьцяпана Панізьніка

Leave Comment

Your email address will not be published. Required fields are marked *