Хто жыве гармоніяй,
той ужо не знікае...
Ю. Шамецька, «Чытаючы Хагакурэ»
23 чэрвеня 2019 года ў культурным жыцці беларускамоўнай Атавы, Канада, адбылася значная падзея – імпрэза з нагоды выхаду ў свет новага зборніка вершаў Юрася Шамецькі «Непрадказальнае». На сустрэчу з паэтам у яго хату прыйшлі шматлікія аматары паэзіі і проста сябры. Аўтар з натхненнем пазнаёміў слухачоў са сваім новым зборнікам.
«Непрадказальнае» Юрася Шамецькі – гэта пошук гармоніі ў жыцці, спроба звязаць супярэчлівыя і, на першы погляд, несумяшчальныя рэчаіснасці: любоў да роднай Беларусі і зноўку пабудаванае жыццё ў Канадзе, успаміны дзяцінства і пульсацыю сучаснасці, адарванасць ад матулінага вогнішча і шчырае канадыйскае асяроддзе.
Слухаючы вершы Юрася, да цябе паступова прыходзіць пачуцце гармоніі, а супярэчнасці зліваюцца ў адну лёгкую і прыемную мастацкую прастору.
Зборнік складаецца з 4 частак, якія можна выдзеліць як Менск – Вандроўкі – Атава – Каханне. Гэты ланцужок адлюстроўвае розныя старонкі творчасці паэта. Аўтар прызнаецца, што менавіта тут, у Канадзе, ён з большай сілай адчуў шчырасць, дабрыню, пазітыўную энергію свету, якая ў свабоднай прасторы вылілася ў паэтычнае натхненне і патрэбу ў раскрыцці сваіх адчуванняў на роднай беларускай мове.
Юрась з радасцю падзяліўся са слухачамі сваім бачаннем паэзіі. Яна павінна быць каляровай! Разам з такімі крытэрамі, як шчырасць, рытміка, гучанне, паэзія павінна мець яшчэ адзін – прысутнасць колеру. У сваім вершы «Колеры» паэт піша, што «асфальтавая афарбоўка скал нагадвае аб радзіме...», а «...пунсовы лісцік шыфлеры... твае вусны». Такое бачанне згладжвае шмат супярэчнасцяў, бо ў кожным кутку свету магчыма знайсці кавалачак Радзімы.
Увесь час, калі гучалі вершы паэта, у яго голасе панавала адчуванне любові: да каханай жанчыны, да Радзімы, да розных мясцін, куды прыводзіў паэта лёс – і гэта кранала душу.
Музычнае суправаджэнне вечара гарманічна падкрэслівала мілагучную паэзію Юрася Шамецькі. Тонкі спеў скрыпак і гітары то мякка зліваўся з паэтыкай беларускай мовы, то дынамічна ўзрастаў, падтрымліваючы тэматыку і настой вершаў. Прагучалі музычныя творы Дзмітрыя Камінскага, Карласа Гардэля, Астара П’яцолы, Антоніа Вівальдзі, Фелікса Мендэльсона і іншых кампазітараў у выкананні дуэта «Кантабіле» (Уладзя Шамецька і Міхась Рыкаў) і Галіны Рэзаіпур.
Шчырая ўвага слухачоў і шчодрыя апладысменты сталі паважанай адзнакай таго, што вершы і музыка краналі сэрцы і думкі слухачоў.
Час імпрэзы праляцеў хутка, а напрыканцы Юрась з задавальненнем падпісаў кнігі сваім прыхільнікам.
Старшыня Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Канадзе Пётра Мурзенак выступіў з удзячнай прамовай : « У мінулым на эміграцыі было шмат паэтаў, якія ўвайшлі ў беларускую літаратуру добрымі і яркімі імёнамі. Гэта Наталля Арсеннева, Рыгор Крушына, Алесь Салавей, Майсей Сяднёў. На Радзіме, у беларускай грамадзе, і ў Канадзе, у розных суполках, Юрась Шамецька таксама папулярызуе беларускую культуру. Пакуль існуе беларуская паэзія, будзе жыць Беларусь ».
Міла Траяноўская выказала свае пачуцці так: «Радкі, якія я прыгадала, адыходзячы з вечарыны, былі з вершу «Чытаючы Хагакурэ», –
Паэзія – гэта інструмент
Разумення святла...
Я заўсёды так адчувала, але не магла выказаць гэтае пачуццё патрэбнымі словамі. Юрась зрабіў гэта так проста і так дакладна! Гэты верш мае яшчэ шмат цудоўных думак і яго можна лічыць «культавым». Юрась, як належыць сапраўднаму паэту, глыбока адчувае прыгажосць і высакародныя імкненні жыцця, аб якіх і складае свае вершы. Вельмі прыемна гучаць яго рамантычныя вершы, напоўненыя свежымі фарбамі юнацкіх і, у той жа час, сталых і пяшчотных пачуццяў да сваёй музы».
Прывяду яшчэ адзін са шматлікіх удзячных водгукаў слухачоў. Сваімі думкамі падзяліліся Вольга і Раман Бакушчыкі: « Паэт -- як агонь. Яго полымя – гэта выбітныя ўражанні ад прыгажосці прыроды, цікавых вандровак, думак аб Радзіме; але жар гэтага полымя – унутраны, з сэрца, з душы. Вершы Юрася – часам тонкае павуцінне пяшчоты і гарачае каханне; часам філасофскія, яны адлюстроўваюць глыбокую ўнутраную энергію; часам працятыя гаркатой і боллю ад разлукі з Радзімай і матуляй. Кожная яго новая кніга – адкрыццё, асалода прыгожага слова! Мы – яго прыхільнікі назаўсёды. Чакаем новых твораў!»
Наталля Захарава, Атава, чэрвень 2019