У паходзе да Васіля Быкава
Жыццё – за датай дата.Ва ўшанаванне 15-годдзя Памяці Быкава Васіля Уладзіміравіча
Дарога – серэнада.
І доўжыцца хада.
Тут Быкаву гармата
не бачыцца; й засада
франтавіку не звада,
бо цешыць відната,
сястрыцы роднай хата,
Рыгорава парада *… Маскоўская нарада:
узрывы пераклада
сустрэла мілата.
Шырэла дабрата.
Шчырэла грамада.
Вітанняў – чарада!
Ды за пагляды – плата.
І сэрцайка не рада:
задышкі духата. За брустверы язда.
Суцішыла палата
крыжовы шлях ** наката.
І вышыня *** -- як ляда,
бо батальён **** заўзята
ваюе… А слата
прызнала: не бяда…
Знікае свалата.
……………………….
Альпійская балада
з круглянскага маста --
як апасіяната!
Жыццё за датай дата.
І зноў мы зухавата
ідзём – не для парада.
“Народны!” – гэта свята:
нам Быкаў – як града!
------------------------------------
(19.06.1924 – 22.06.2003)—пісьменніка, Героя Сацыялістычнай працы (1984), Народнага пісьменніка Беларусі (1980), Лаўрэата Ленінскай прэміі (1986), Лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР (1974), Лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР (1978)… Мінула 55 гадоў з часу апублікавання “Альпійскай балады”, 50 – аповесцяў “Праклятая вышыня” і “Круглянскі мост”; 40 гадоў –ад пачатку жыхарства ў Мінску. У 1988 г. В. Быкаў быў адзін з заснавальнікаў БНФ.
* Парада – Рыгора Барадуліна; **--Аповесць “Крыжовы шлях” выдадзена ў 1998 г.; ***Аповесць ”Праклятая вышыня” – у 1968 г.; ****За аповесці “Воўчая зграя” і “Яго батальён” была нададзена Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа.
Града – сістэма ўзвышаў у цэнтральнай частцы Беларусі.
Уяўляючы Мацярык Васіля Быкава, складаліся ў мяне такія радкі: “О, выспа шчасця –Атлантыда: / каму амбон, каму – карыта… / Тарнада зможа тут прайсці. / Але атланта-беларуса / не змые хваля землятруса: / яго – назло! – ўтрымаць павінна / жывога слова пупавіна”. Першы раз сустрэўся з Васілём Уладзіміравічам каля Каложы тым чэрвенем, калі жыхару Гродна споўнілася 45 гадоў. Напружаныя былі часіны для пісьменніка-франтавіка, які не хаваў ад чытача жорсткую праўду вайны. Перажываў, бо хмары часта завісалі над выпакутаванымі аповесцямі. Але ў маім першым вершы-прысвячэнні В. Быкаву нібыта яго вуснамі вымавіліся такія аптымістычныя радкі: “Чую, чую: у звыклай буднасці / трапяткое крыло… І верыцца: / не заснула ты, чуйнае сэрца, / да прылётнай абуднасці. / Пад завеяй не затыхнулася, / не знямела яшчэ – і можа / тою гулкаю быць Каложай, / што над Нёманам пахіснулася”.
Васіль Быкаў як ніхто іншы з нашых літаратараў стаў самым гулкім на кантынентах планеты, куды разам з яго творамі “перакладалася” Беларусь і найменне таго народа, які, паводле разважанняў В. Быкава, мужна, балюча ўсё яшчэ стварае ў сябе нацыю. Дзяржаватворцам быў Быкаў у с в а е 45 гадоў. Такім ён застаецца і цяпер, у яго і ўжо ў н а ш а 90-годдзе, калі мы ў дзень юбілею згадваем і Героя (Літаратурнай!) Працы, і Народнага а таксама – міжнароднага) пісьменніка. Васіль Быкаў “дажыў да світання” сваёй высакароднай ідэі – Словам служыць Праўдзе. Цяпер яго “доўгую дарогу дадому” прадаўжаць нам – богакроплям у бласлаўлёным ім акіяне жыцця. Калісьці, нібыта ад імя Быкава, складаліся такія радкі з прысвечанага яму верша: “Мая світальная істота -- /асоба гордая, жывая… / Яна для Госпада – гаспода / маліцьвенная, крыжавая”. То хай і сёння бадзёрыцца для новых узлётаў пранізлівая душа Васіля Уладзіміравіча. А светлая памяць пра атланта асмельвае нас на ўгаспадарлівасць яго айчыннага Мацерыка.
Сяргей Панізьнік
На здымках:/1,2,3/ Гродна: 1.Васіль Быкаў, Эрык Загнетаў, Данута Бічэль Загнетава, Барыс Клейн... 21.06.1969 г. /4,5/.Курган дружбы ў Верхнядзвінскім р-не. ліпень 1987 г.; /6,7/ У Пуцілкавічах, у доме-музеі Петруся Броўкі. 15.06.1985 г. Фота Сяргея Панізьніка /акрамя трэцяга здымка/.
1 comment