Навіны ад Пётры Мурзёнка (кастрычнік-лістапад 2017)

У кастрычніку-лістападзе 2017 года мне выпала прадстаўляць БІНІМ на трох падзеях, арганізаваных кафедрай украінскіх даследваньняў Аттаўскага універсітэта і Інстытутам Оскара Халецкага (Oskar Halecki Institute). Ніжэй падаю кароткі зьмест з гэтых падзей.

І.

11 кастрычніка 2017 года ў Аттаўскім універсітэце прайшла лекцыя Міколы Рабчука, вядомага украінскага інтэлектуала і публіцыста. Мікола Рабчук, прэзідэнт Украінскага ПЭН-цэнтра, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута палітычных і нацыянальных даследаваньняў (Кіеў), эксперт па праблемах мовы і ідэнтычнасьці украінцаў. Мікола Рабчук аўтар кніг па грамадскай супольнасьці, нацыянальнаму будаўніцтву, нацыяналізму, нацыянальнай ідэнтычнасьці  і пост-камуністычнай трансфармацыі. Паколькі многія украінскія праблемы маюць шмат агульнага з беларускімі, то і беларуская тэматыка ўваходзіць у сферу яго даследаваньняў.

Сп. Рабчук асноўны час распавядаў пра адносіны розных катэгорый украінцаў (адрозных па ўзросту, нацыянальнай і геаграфічнай прыналежнасці) да сітуацыі з Данбасам і Крымам, да арыентацыі Расія-Еўропа, параўноўваў як гэта было 5-10 год таму назад, і што адбываецца цяпер. Акцэнт быў зроблены на этнічную і моўную прыналежнасць. Рэлігійныя пытаньні не асьвятляліся. Асноўная выснова з лекцыі была тая, што украінская ментальнасьць\сьвядомасць паступова умацоўваецца, прычым ва ўсіх рэгіёнах Украіны. Пасьля лекцыі адбылося кароткае, прыемнае знаёмства і размова са сп. М. Рабчуком.

 

ІІ.

27-28 кастрычніка 2017 года Інстытут Оскара Халецкага (польская навуковая установа ў Канадзе) правёў 2-гі сімпозіум “Уклад канадыйцаў польскага паходжаньня ў развіцьцё Канады: да 150-годнага юбілею Канады”. На гэты сімпозіум я атрымаў запрашэньне ад інж. Аляксандра Яблонскага, дырэктара Інстытута (A. Jablonski).

Сімпозіум быў арганізаваны Інстытутам Халецкага і адной з тэалагічных кафедр з Saint Paul University пры падтрымцы Сената Польскай Рэспублікі. Падчас сімпозіума працавала выстава, падрыхтаваная Канадыйска-польскім інстытутам гістарычных даследаваньняў. На сімпозіуме прысутнічаў пасол Польскай Рэспублікі ў Канадзе, др. A. Kurnicki, прэзідэнт Канадыйска-польскага кангрэса, W. Lizon, дэпутат муніцыпалітэта Аттавы, R. Chiarelli.

У сваёй пленарнай лекцыі др. А. Яблонскі ахарактарызаваў 5 хваляў эміграцыі палякаў у Канаду (1870-1914, 1918-1939, 1939-1956, 1956-1981, 1981-2000). Цікава, што на радзіме пражывае 38 мільёнаў палякаў, а за мяжой – 14.5 мільёнаў, з іх, у ЗША – 10.6 млн, Бразіліі – 1.8 млн, Канадзе – 1.1 млн. Лектар узгадваў знакамітых людзей, такіх як Danuta Mostwin (1921-2000), Wsevolod Jakimiuk (1902-1991).       Сп. А. Яблонскі падчас лекцыі адзначыў, што Ўсевалад Якімюк меў беларускія карані, а пасьля лекцыі коратка распавёў пра тое, што У. Якімюк быў знакамітым авіаканстуктарам у Канадзе, аўтарам дзесяткаў праектаў розных лятальных апаратаў. Працаваў У. Якімюк у De Havilland Canada.

Сп. А. Яблонскі прыводзіў некаторую статыстыку, якая яго не зусім радавала, у тым сэнсе, што, напрыклад, менш 2% канадыйскіх палякаў прымаюць удзел у справах грамадскіх арганізацый, а доля палякаў, якія размаўляюць на роднай мове дома ў Канадзе зьмяншаецца. Так, калі па выніках мінулага перапісу (2011) польскую мову дома ўжывалі каля 210 тыс. чалавек, то ў 2016 г. такіх было 190 тыс. Калі параўноўваць з Аттаўскай суполкай беларусаў, то сітуацыя з наведваньнем беларускіх імпрэзаў крыху лепшая – з 1000 беларусаў, якія жывуць у Аттаве-Гаціно (перапіс 2016), на нашых імпрэзах бывае да 50 чалавек (каля 5%). Аднак, моўная сітуацыя ў нас не такая радасная. Новую статыстыку (перапіс 2016), што тычыцца беларусаў у Канадзе, глядзіце ў артыкуле, які з’явіцца ў 20-м нумары часопіса “Культура. Нацыя” у сярэдзіне сьнежня 2017 года.

 

ІІІ.

На пачатку лістапада 2017 года я атрымаў запрашэньне з кафедры украінскіх даследаваньняў Аттаўскага універсітэта (заг. кафедры, праф. Дамінік Арэль, Dominique Arel) прыняць удзел у традыцыйным, штогадавым Danyliw семінары, прысьвечаным праблемам сучаснай Украіны.

Упершыню семінар праходзіў на працягу 3 дзён (16-18 лістапада 2017 года). Мне удалося быць на паседжаньнях апошняга дня ў суботу. Гэты дзень быў цалкам аддадзены тэме “Мастацтва і палітыка”.

Дзень пачаўся з лекцыі М. Соневіцкі пра развіцьцё творчасьці украінскай поп-пявуньні Русланы. У 2004 годзе Руслана выйграла “конкурс Еўрабачаньня”. Праводзіліся паралелі паміж музыкальнай творчасьцю Русланы і яе грамадзянскай пазіцыяй. Яе творчасьць развівалася ад музыкальнага нацыяналізма, аўта-экзатызма да палітыкі суверэнітэта.

Вельмі цікавым было прадстаўленьне новай кнігі Mayhill Fowler “Beau Monde on Empire’s Edge: State and Stage in Soviet Ukraine” (University of Toronto Press, 2017). Набыў гэту кнігу з аўтарскім надпісам і працягваю яе чытаць. Аўтар выкарыстоўвае арыгінальны падыход – параўноўвае жыцьцё і творчасць пар пісьменьнікаў ці акцёраў, якія ў міжваенны час пакінулі Украіну і з’ехалі ў Маскву, з тымі, якія засталіся ў Кіеве – Остап Вішня – Ільф-Пятроў, Курбас – Міхоэльс. На гэтых і іншых прыкладах разглядаецца, як развівалася творчасць людзей                 “у цэнтры” і “на перыферыі”, ва ў мовах “дазволенага” і ў рэальнай нацыянальнай культуры, як вырашаліся ў такіх розных умовах пытаньні нацыянальнай ідэнтычнасці. Многае з таго аб чым піша аўтар было характэрным і для развіцьця творчасці дзеячоў беларускай культуры ў савецкія часы.

У лекцыі Анны Куткінай (Універсітэт Хельсінкі) разглядаліся пытаньні разбурэньня помнікаў камуністычнага часу ва Украіне (“Ленінапад”). Працэс разбурэнья помнікаў меў некалькі перыядаў – пачынаючы ад вандалізма да афіцыйнага выдаленьня помнікаў, па рашэньню Украінскага ураду.

Ва Украіне налічвалася каля 5.500 помнікаў Леніну, якія былі як знак прысутнасці савецкай улады, асабліва на тэрыторыі Заходняй Украіны. Пытаньні гэтыя (разбурэньня) не такія простыя. Думкі людзей на гэты конт падзяляюцца, ад “вы разбураеце сваё мінулае” да “Слава Украіне” – як пратэст супраць мінулага. Адмоўнымі момантамі з’яўляецца і тое, што разбураюцца помнікі, якія маюць архітэктурную і мастацкую каштоўнасць, а таксама тое, што помнікі прыбіраюць, а пастаменты застаюцца як напамін, што ёсць аб чым падумаць. Цяпер ва Украіне разбураны амаль усе помнікі Леніну і іншым камуністычным дзеячам. Як прыклад іншага падыхода, прыводзілася Літва, дзе падобныя помнікі былі перанесены ў спецыяльна створаныя паркі. Дадатковай праблемай з’яўляюцца значныя фінансавыя траты, зьвязаныя са зменай назваў савецка\камуністычных часоў (шыльды, дакументы, і г.д.). Аўтар адзначыла, што немагчыма ўвайсьці ў Еўропу з малатком.

Некалькі дакладаў былі прысьвечаны працэсу рэформ ва Украіне, у прыватнасці судовай рэформе. Як было адзначана на панэльнай дыскусіі, судовая рэформа не была пасьпяховай. У 2014 годзе была спроба значна абнавіць чклад суддзяў усіх узроўняў, аднак, яказалася, што 80% суддзяў былі зноў пераабраны на свае пасады.

У апошні дзень семінара прысутнічала каля 50 чалавек – студэнты і прфесары універсітэта, прадстаўнікі украінскай дыяспары і пасольства Украіны ў Канадзе.

Др. Пётра Мурзёнак, старшыня Беларускага інстытута навукі і мастацтва

2 сьнежня 2017 года, Аттава

Leave Comment

Your email address will not be published. Required fields are marked *