Часопіс “КУЛЬТУРА. НАЦЫЯ”, №31, красавік 2023

Часопіс “КУЛЬТУРА. НАЦЫЯ”, №31, красавік 2023
Часопіс “КУЛЬТУРА. НАЦЫЯ”, №31, красавік 2023

Факел, запалены ў 1918 годзе гарыць, і пад ім мы адзначаем ужо 105-я ўгодкі ўтварэння БНР, і не пакідаем надзеі, што ідэалы БНР калі-небудзь рэалізуюцца. Таму і святкуем! У гэтым нумары, паважаныя чытачы, вы таксама знойдзеце матэрыялы, прысвечаныя 25-му сакавіка 1918 года (П.Мурзёнак, А. Логвін).

Як і раней, часопіс публікуе матэрыялы непасрэдна звязаныя з культурай і традыцыямі беларускай нацыі. М. Кенька прысвяціў артыкул беларускаму паэту У.Дубоўку – як перакладчыку, і даслаў таксама свае пераклады расказаў К.Чапэка. Т. Кенько даслала багаты матэрыял, прысвечаны Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі, як яго калекцыям, сармацкаму жывапісу, так і творчасці асобных мастакоў (Брюллов, Куинджи, Пукирев). Серыя артыкулаў, прысвечаных музею, пададзена ў арыгінальным фармаце – у выглядзе падарожжа па залах. Таксама серыю артыкулаў нам даслаў А. Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязяў (у Канадзе пад тэрмінам “індзейцы” маюцца на ўвазе прадстаўнікі “першых нацыйFirst Nations”, рэд.). На гэты раз яго артыкулы прысвечаны дзейнасці протаіерэя М. Грынкевіча і беларуска-індзейскай кампаратывістыцы.

У гэтым нумары часопіса мы працягваем тэму Першай сусьветнай вайны – на гэты раз артыкулам Т. Кенько, у якім даецца пералік многіх кніг сусьветнай літаратуры пра вайну стогадовай даўнасці. Часткова, гэта зроблена для таго, каб пазнаёміць беларускага чытача з літаратурай (прозай, вершамі), прысвечанай малавядомай і далёкай вайне, а па другое, правесці аналогію з вайной сучаснай, якая адбываецца на нашых вачах. Гэтай жа тэме прысвечаны і другі артыкул Т. Кенько пра ваенныя вершы, якія пісаліся рускімі і беларускімі паэтамі (З.Бядуля, А.Куляшоў), непасрэднымі ўдзельнікамі Першай сусьветнай вайны.

Рэдакцыя змясціла ў нумары невялікі, але шчыры верш Л.Карповіча, філатэліста і беларускага патрыёта, напісаны ім непасрэдна па сканчэнні міжнароднай канферэнцыі “Беларуская нацыя вачыма дыяспары і суайчыннікаў” (Атава, 12.11.2022).

І як заўсёды мы маем багата матэрыялаў ад нашага вельмі актыўнага і паважанага аўтара, паэта і грамадскага дзеяча – С. Панізьніка. Яго матэрыялы размешчаны ў розных рубрыках часопіса, што толькі падкрэслівае шырокі кругагляд і інтарэс аўтара да беларускіх традыцый, фальклору, яго цёплую і шчырую павагу да людзей, з кім б ён не сустракаўся. Тут, яго ўспаміны пра хроснага бацьку, Л.І.Кураша, шчырыя вясеннія віншаванні з хрысьціянскімі сьвятамі,  Вербніцай і Вялікаднем, з адпаведнымі гэтым святам вершаванымі народнымі мудрасцямі (“У бяседзе – суседзі”), запісы пра духоўную веліч землякоў і скарбы маўлення на міёрска-дзісненскім мацерыку (“Згукі роднага Прыдзвіння”). Узгадваючы магілёўскі перыяд свайго жыцця, калі сп.Панізьнік вучыўся на фельчара, ён падае не толькі свае “студэнцкія” вершы, але і некалькі сваіх малюнкаў!!! І нарэшце, С.Панізьнік дапоўніў у гэтым нумары распачатую ім раней рубрыку “Каляндар памятных дат”, дзе ён у вершах ці ў прозе адзначае ў сваім календары творцаў, якія маюць у гэтым 2023 годзе важныя даты.

Рэдакцыя вельмі ўдзячна ўсім аўтарам артыкулаў, а таксама сп.Вользе Ермалаевай-Франко, мастачцы і грамадскаму дзеячу, якая даслала сваю гравюру “Гуканне вясны”, змешчаную на першай старонцы часопіса.

Рэдакцыя спадзяецца, што чытачам спадабаюцца матэрыялы 31-га нумара, як і папярэдніх ТРЫЦЦАЦІ нумароў часопіса “Культура. Нацыя”, выйшаўшых за 10 год яго дзейнасці (2013-2022). Будаўніцтва нацыі пачынаецца з сябе, з маленькіх кропелек і цаглінак, якія ўтвараюць ручайкі і рэкі, падмуркі і будынкі.