Да 95-годзьдзя са дня нараджэньня Уладзіміра Караткевіча Васіль Дранько-Майсюк і Алена Баярава прадставілі інтарактыўна-тэатралізаванае дзейства «ЖАРСЦІ КАРАТКЕВІЧА»
Уладзімір Караткевіч — пісьменнік, які імкнуўся не падпарадкоўвацца правілам савецкай сістэмы. І калі шмат ягоных калег пісалі свае творы на сацрэалістычныя тэмы, наш герой адкрываў сваім чытачам нечаканую Беларусь, у якой жылі мужныя паўстанцы — па-раблезіянску вясёлы і смелы Гервасій Выліваха, таямнічае Дзікае паляванне…
Стваральнікі паказалі унутраны свет гэтага дзівоснага творцы, а таксама тое, як да яго ставіліся сябры і ворагі, прыхільнікі і зайздроснікі, каханкі і жонка. Што ён любіў, чым захапляўся, з кім змагаўся, каго кахаў — пра гэта ў пастаноўцы.
1-ая частка — сам спектакль-чытка, ў якім два архівісты — Цыбусь (Алена Баярава) і Сымонка (Васіль Дранько-Майсюк) — на аснове дакументаў, газэтных артыкулаў, стэнаграм, лістоў расказваюць пра Караткевіча, разыгрываюць сцэнкі з жыцця пісьменніка. У спектаклі задзейнічаны таксама і лялькі.
Акрамя вершаў і ўрыўкаў з прозы нашага героя (“Заяц варыць піва”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “На Беларусі Бог жыве…”, “Каласы пад сярпом тваім”) выкарыстаны вершаваныя творы Леаніда Дранько-Майсюка.
2-ая частка — размова з гледачамі, адказы на пытаньні.

