
Часопіс “КУЛЬТУРА. НАЦЫЯ”, №36, лістапад 2025
36-ты нумар часопіса пачынаецца з Калядных віншаваньняў чытачам і іх сем’ям, хаця за вокнамі яшчэ восень і на вокладцы часопіса “Культура. Нацыя” адпаведны гэтаму сезону матыў (Е.Шаўчэнка). Слова рэдактара адрасавана вытокам Беларуска-Украінскай цывілізацыі і яе сучаснаму супрацьстаяньню з цывілізацыяй Еўразійскай\Рускай. У раздзеле “Артыкулы” вы знойдзеце яшчэ адзін матэрыял рэдактара пад назвай “Што будуем?” – гэта урывак з яго новай кнігі “Нарысы беларуса”. У гэтым жа разьдзеле два артыкулы нашых пастаянных аўтараў – Л.Карповіча, які дэманструе гісторыю нашай радзімы, адлюстраванай у марках, і А.Сімакова, які працягвае дасьледаваць сувязі беларусаў з першымі нацыямі. Многім будзе цікава пачытаць разважаньні Ю.Рапецкага пра бессьмяротнасьць душы. Л.Андзілеўка дэбютуе ў часопісе з расказам “Сумная казка”. Як заўжды інфармуем пра падзеі ў жыцьці беларусаў за мяжой – тут вечарына паэзіі і музыкі “Юрась, Кантабіле і сябры” (М.Кочатава) і вечарына “Ноч паэтаў” (А.Талстая, А.Каралькевіч), а таксама матэрыялы прысьвечаныя 100-годняму юбілею Кастуся Акулы – беларускага пісьменьніка і грамадскага дзеяча (G.Akula, В.Іпатава, С.Макарэвіч). Рэдакцыя адзначыла памяць І.Фарыён і А.Парубія, ахвярных інтэлектуалаў-нацыяналістаў сучаснай Украіны. Рэдакцыя палічыла магчымым падаць з другой крыніцы інфармацыю аб дзейнасьці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (С.Бесараб).
Рэдакцыя спадзяецца, што чарговы нумар часопіса вам спадабаецца.
Мы разлічваем на вашу падтрымку ў рэкламе часопіса “Культура. Нацыя” сярод блізкіх вам людзей.
Рэдакцыя часопіса
