Аляксандр Смалянчук: РАМАН СКІРМУНТ (1868–1939): ЖЫЦЦЯПІС ГРАМАДЗЯНІНА КРАЮ

Выйшла ў свет кніга Алеся Смалянчука «Раман Скірмунт (1868—1939). Жыццяпіс грамадзяніна Краю»
Мінск : Выдавец Зміцер Колас, 2018
ISBN 978-985-23-0016-2

http://www.instpol.by/events/history/raman_sk_rmunt_1868-1939_jyccyap_s_gramadzyan_na_krayu_1156.html

Прадмова ад аўтара:

Гэтая кніга павінна была называцца «Апалогія Рамана Скірмунта»… Пры гэтым апалогія разумелася як абарона ў адпаведнасці з традыцыяй літаратуры старажытнай Грэцыі. Прыгадвалася славутая платонаўская «Апалогія Сакрата». Але падчас працы прыйшло разуменне, што гісторык не павінен ператварацца ў адваката або ў пракурора, што ягоны прафесійны абавязак звязаны з імкненнем зразумець. Гэта ў першую чаргу датычыць гістарычнай біяграфістыкі, якая займае важнае месца ў гістарыяграфіі. Усё ж гісторыя застаецца навукай пра чалавека ў часе, што калісьці трапна заўважыў вядомы французскі даследчык Марк Блок.

Хто такі Раман Скірмунт? Чаму ягоная постаць вартая ўвагі? Раман Скірмунт быў палітыкам трох краін і адным з ідэолагаў г. зв. «краёвасці», з якой многія даследчыкі звязваюць спробу будаўніцтва нацыі палітычнага тыпу на землях гістарычнай Літвы. Галоўным крытэрыем прыналежнасці да яе абвяшчалася адчуванне асобай уласнага краёвага «грамадзянства». Улетку 1918 г. былы дэпутат Дзяржаўнай Думы і сябра Дзяржаўнай Рады Расійскай імперыі ўжо фарміраваў урад Беларускай Народнай Рэспублікі, а ўвосень 1930 г. быў абраны ў Сенат Польшчы. На пачатку кастрычніка 1939 г. пасля прыходу г. зв. «першых саветаў» ён быў забіты паблізу роднага Парэчча на Піншчыне.

Ягоны жыццяпіс прыцягнуў увагу не толькі крутымі паваротамі палітычнай біяграфіі і надзвычай трагічным фіналам. Гісторыя жыцця Рамана Скірмунта, які называў сябе «беларусам польскай культуры» (1906), дазваляе зазірнуць у самасвядомасць супольнасці «літоўскіх» (vel «беларускіх») палякаў пачатку ХХ ст., закрануць праблему іх нацыянальнага выбару, які не заўсёды быў простым і відавочным. Даследаванні «краёвай ідэі», да выпрацоўкі якой ён меў непасрэднае дачыненне, значна паглыбляюць разуменне спецыфікі нацыянальных працэсаў на землях былога Вялікага Княства Літоўскага. Удзел палітыка ў беларускім Адраджэнні выклікае думкі пра магчымую альтэрнатыву беларускай гісторыі ХХ ст., менавіта пра Беларусь са Скірмунтамі і Радзівіламі.

Жыццяпіс Скірмунта – гэта таксама гісторыя Палесся, якое застаецца адным з найбольш прыгожых і таямнічых куткоў Беларусі. Дакрануцца да гэтай таямніцы і адчуць прывабнасць Палесся і ягоных жыхароў дапамаглі шматлікія экспедыцыі па вуснай гісторыі. Палешукі казалі «наш Скірмунт» і шчодра дзяліліся ўспамінамі пра «добрага пана», якія паведамлялі шмат цікавага не толькі пра ўладальніка маёнтка
ў Парэччы, але таксама пра іх саміх, пра Палескі край. Зразумець палітыка і грамадскага дзеяча немагчыма без сустрэчы з ім як з чалавекам з пэўнымі асаблівасцямі характару і менталітэту. Ігнараванне індывідуальнасці, якое часцяком сустракаецца ў гістарыяграфіі, недапушчальнае ў біяграфічных даследаваннях. Біяграфістыка (біяграфіка) апошнім часам ператварылася ў асобную галіну гуманітарных ведаў, якая грунтуецца на міждысцыплінарнасці. Метад біяграфістыкі, безумоўна, аказаў уплыў на аўтара гэтых радкоў, які, аднак, застаўся ў межах гістарычнай навукі. Пры гэтым атрымалася праца, якую можна трактаваць як пэўны выклік той беларускай гістарыяграфіі, якая ствараецца калегамі ў сценах дзяржаўных інстытутаў з аглядкай на «цэнзараў» ад афіцыйнай ідэалогіі, а яшчэ больш на «ўнутранага цэнзара».

Хачу выказаць удзячнасць тым людзям, якія цікавіліся ходам даследаванняў, дзяліліся гістарычнымі крыніцамі, выказвалі заўвагі і давалі парады, стваралі магчымасці публічных выступленняў і абмеркаванняў найбольш складаных пытанняў жыццяпісу Рамана Скірмунта. Імёны гэтых людзей таксама прысутныя ў гэтай кнізе. Асаблівая падзяка належыць старэйшым жыхарам Пінска, а таксама вёсак Парэчча, Табулкі, Моладава, Чамярын, Моталь, Мерчыцы, Рудка, Ахова, Бакінічы ды іншых на Піншчыне. Іх успаміны паглыблялі маё разуменне як асобы Рамана Скірмунта, так і асаблівасцяў гістарычнага даследавання. Большасць ілюстрацый паходзяць з архіваў Беларусі, аддзела рукапісаў Бібліятэкі імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы (Вільня) і збораў спадарыні Зоф’і Дэрналовіч (Варшава). Выданне гэтай кнігі стала магчымым дзякуючы падтрымцы Польскага Інстытута ў Менску, а таксама Orsa-Romano Cultural and Educational Foundation Inc.

P.S. Вяртаючыся да адкінутай першапачатковай назвы кнігі… Ужо пасля напісання прадмовы прыйшла думка, што апалогія (абарона) Рамана Скірмунта патрэбная не яму, а нам, жыхарам сучаснай Беларусі. Прынамсі тым, якія хочуць жыць у краіне свабодных людзей, дзе моц дзяржавы і закона не парушае, а абараняе іх вольнасць, годнасць і інтарэсы. Якраз пра гэта марыў Раман Скірмунт…

Аляксандр Смалянчук

Leave Comment

Your email address will not be published. Required fields are marked *