Паэтычна-музычная кампазіцыя на вершы Юрася Шамецькі і Пётры Мурзёнка

Паэтычна-музычная кампазіцыя на вершы Юрася Шамецькі і Пётры Мурзёнка ў суправаджэнні дуэта Кантабіле (Уладзя Шамецька і Міхась Рыкаў)., Музыка Астара П’яцолы, Антаніна Дворжака, Рольфа Лёўланда, Рамана Другалёва
Musical composition with poems of Yuri Chametka and Piotra Murzionak, accompanied by duet “Cantabile” – Vlada Chametka, Michail Rykov (music by A. Piazzolla, A. Dvorak, R. Lovland, R. Drugalev)

Юрась Шамецька

Адлюстраванне

Мой Мінск – Атава... Хутка час ідзе...
Ужо не засталося адзіноты...
Маёй душы, як колам на вадзе,
патрэбен камень, -- я ж шукаю ноты...
О, колькі нас, раскіданых паўсюдна,
блукае марна ў вечнасці пакутнай...

Вось, шмат гадоў прайшло... А я ўсё той жа:
па зорак чыстых сталасць вывучаю,
паверыў я – жыццё мне дапаможа
пазбегнуць адзіноты і адчаю,
каб мець яшчэ магчымасць спадзявацца
па памяці шукать сваё юнацтва.

Мой Мінск – Атава... Што яшчэ дадаць?
Два горады падзеленыя даллю…
Я веру, што змагу іх аб’яднаць,
запамятаўшы смутак развітання...
Мая надзея застаецца марай,
нібы жэтон метро мной прыхаваны.

З прыемнасцю гуляю дзіўным летам
уздоўж ракі... Не задаю пытанняў...
Я горада пачую голас ветлы,
а гладзь ракі -- жыцця адлюстраванне...
Там, на вадзе, я родны Мінск убачу,
і зноў знайду, а можа штосьці страчу...


Белая канадыйская сасна

Амаль што беларуская сасна...
Па назве я адразу уяўляю --
халодны дзень спакойна дагарае,
а за акном марозная зіма.

І гэта канадыйская зіма,
працяглая і срэбная, празрыста
шукае шлях, каб заставацца чыстай
і дараваць хвіліны хараства...

Гляджу на белай светласці прастор,
ад хваляванняў сам сабе не веру...
Але раптоўна ясна разумею,
што сёння ўсё змянілася вакол.

Бо бачу беларускую сасну...
Вось неба беларускае і поле,
а цішыня, што дыхае спакоем
па-беларуску марыць пра вясну.

Пётра Мурзёнак

ПРАСТОРА

У горадзе добра, а лепш у прасторы -
Жыве і красуе ў ёй любая вёска.
Тут поле над возерам, пахне чаборам,
Шчыруе душа ад зямлі да нябёсаў.

Квітнее маленства ў лагоднай прасторы
Бо з водарам нават язьміна пялёсткі,
Дзяўчаты люляюцца ў ласкавым моры,
Хлапечы настрой чарадзеіць над вёскай.

Адвечная сіла ў дзівоснай прасторы,
Тут дзеюць жывыя і продкавы душы,
А вёска, як маці, каб край не знаў гора
Асілкаў гадуе – нікому не зрушыць.

О любая вёска, мой край неспазнаны!
Спасцігнуць – не хопіць жыццёвага часу.
Табой ганаруся, бо быў пеставаны
Вясковай прасторай, напоўненай шчасцем.
2 красавіка - 7 красавіка 2014 года, Атава

ШЧАСЛІВЫ ДЗЕНЬ

Шчаслівы дзень! Табе я так удзячны,
Адбыўся шчыра водклікам душы
І ціхай радасцю падзеяў значных,
Так і з нябачных проблескаў цішы.
Жарты сяброў, з зямлёй паразуменне,
Што выліваюцца ў малітву добрых слоў,
І поціск рук братэрскіх у імгненні,
Калі кроў закіпае крывічоў.
Ці ў краі, ці ў далёкіх межах,
Нас думкамі яднае да зямлі любоў,
Ляціць свабоднай птушкаю над Белай вежай,
Над полем жытнім з россыпамі васількоў.
Шчаслівы дзень! Табе я так удзячны,
Што вызваліў ад роспачы душу,
І нашаптаў спадзеўкаў стос удачных -
Каб спраўдзіліся! Шчыра я прашу!
13 лютага 2016 года, Атава

Leave Comment

Your email address will not be published. Required fields are marked *