Паважаныя сябры БІНІМа імя Францішка Скарыны!
Першы чым прадставіць сваё бачаньне дзейнасьці Інстытута на бліжэйшы час, хачу павіншаваць Вас і Вашы сем’і з надыходзячымі навагоднімі сьвятамі і пажадаць Вам шчасьця, здароў’я і творчых посьпехаў!
Важныя падзеі ў 2017 годзе
2017-ты год для Інстытута быў насычаны значнымі падзеямі. Сярод іх трэба адзначыць значнае пашырэньне кола сяброў Інстытута, якое стала мажлівым дзякуючы стараньням старшыні БІНІМ, праф. З. Гімпелевіч і сакратара БІНІМ сп. Н. Колас. Цяпер у нашых радах налічваецца 28 сяброў.
Другой важнай падзеяй было святкаваньне 50-годдзя БІНІМа, якое было праведзена адначасна з Агульным сходам Інстытута ў Беларускім культурна-рэлігійным цэнтры 2 верасьня 2017 года ў Таронта. Падчас юбілейнай сесііі, а таксама на 32-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі (верасень 2016), старшыня БІНІМа, праф. З. Гімпелевіч зрабілавельмі падрабязны аналіз перыядаў развіцьця і дзейнасьці БІНІМа за 50 год. Матэрыялы аб дзейнасьці БІНІМа былі зьмешчаны на абноўленым сайце Інстытута www.binim.org, а таксама апублікаваны ў часопісе “Культура. Нацыя”, №15, верасень 2016 года. Падчас юбілейнай сесіі былі праведзены выбары Управы БІНІМа на наступны 3-гадовы перыяд, дапрацаваны Статут Інстытута, які на англійскай і беларускай мове зьмешчаны цяпер на сайце Інстытута. Хацеў бы з вамі абмеркаваць неабходнасць падрыхтоўкі Статута на беларускай лацініцы, што адпавяда, як статусу Інстытута, так і пакідае перспектыву выкарыстаньня “лацінкі” на будучыню.
Вельмі цікавай падзеяй стаў удзел сяброў Інстытута ў працы Канадыйскага кангрэса гуманітарных і сацыяльных даследаваньняў, які праходзіў з 27 па 29 мая гэтага года у Райерсон універсітэце (Таронта). Адметным было тое, што сябры Інстытута, дзякуючы намаганьням і арганізатарскім здольнасьцям праф. З. Гімпелевіч, працавалі ў двух беларускіх секцыях і дадаткова правялі паэтычную сесію за круглым сталом. Інфармацыя аб удзеле сяброў Інстытута ў Кангрэсе і матэрыялы зробленых дакладаў апублікаваны ў часопісе “Культура. Нацыя”, №18, чэрвень 2017 года.
Структура БІНІМ
Інстытут мае Управу, 4 функцыянальныя групы, і вэб-сайт.
Ва Управу БІНІМа ўваходзяць 7 чалавек: Пётра Мурзёнак (старшыня Інстытута), Зіна Гімпелевіч (намесьнік), Наталья Колас (сакратар), Валянціна Шаўчэнка (скарбнік), Віялета Кавалёва, Івонка Сурвіла, Юрась Шамецька – старшыні функцыянальных груп.
У склад функцыянальных груп уваходзяць (падзел сяброў па групах умоўны, некаторыя сябры могуць быць у некалькіх групах):
акадэмічная група – Зіна Гімпелевіч (старшыня), Наталія Баркар, Вольга Ісакава, Наталія Колас, Ірына Лысенка, Пётра Мурзёнак, Юрка Рапецкі, Івонка Сурвіла, Паўліна Сурвіла, Ірына Тоўсьцік, Галіна Туміловіч, Ягор Фядзюшын,
група пісьменнікаў і паэтаў – Юрась Шамецька (старшыня), Вольга Іпатава, Руслан Качаткоў, Віялета Кавалёва, Пётра Мурзёнак, Ніка Панізьнік, Сяргей Панізьнік,
група класічнай музыкі і фальклёрнага мастацтва – Віялета Кавалёва (старшыня), Руслан Качаткоў, Галіна Рэзаіпур, Міхась Рыкаў, Ўлада Шамецька, Валянціна Шаўчэнка, Вольга Яноўская,
група выяўленчага мастацтва і рамесьніцкага майстэрства – Івонка Сурвіла (старшыня), Ірына Варабей, Антон Варабей, Алесь Каралькевіч, Пётр Шварцман, Юрась Шаўчэнка.
Вэб-сайт БІНІМа, www.binim.org – адміністратар і дызайнер, Алесь Каралькевіч.
Дабрачыннасьць і ахвярнасьць – аснова дзейнасьці Інстытута
Хачу заасяродзіць вашу ўвагу на словах “дабрачыннасьць, ахвярнасьць, энтузіазм”, бо яны з’яўляюцца асновай дзейнасьці Інстытута. Нягледзячы на акадэмічнасьць, якая ўтрымліваецца ў назве Інстытута, і на фармат яго арганізацыі (управа, функцыянальныя групы), БІНІМ ёсьць арганізацыяй валанцёрскай, грамадскай, сутнасьць якой заключаецца ў праяўленьні той актыўнасьці, беларускасьці і пачуцьцяў, якія жывуць у кожным з нас, у адносінах да беларускай культуры і роднай Беларусі.
Мы яднаемся пад шыльдай БІНІМа з тым, каб адчуваць сваіх аднадумцаў, дапамагаць адзін адному, і наколькі магчыма прадстаўляць беларускасьць як у Канадзе, так і за яе межамі.
Відавочна, што валанцёрская праца ў такім інстытуце мае свае абмежаваньні, і не толькі фінансавыя. Адарванасьць ад каранёў, недастатковыя сувязі з радзімай у значнай ступені ўплываюць на наш патэнцыял. Умоўным абмежаваньнем з’яўляецца таксама тое, што многія з нас уваходзяць у склад іншых структур і арганізацый. На мой погляд, усьведамляючы такую умоўную абмежаванасьць, мы ты не менш, можам складаць адно цэлае, калі будзем імкнуцца да выкананьня мэтаў, пастаўленых у Статуце БІНІМа. У такім разе не павінна гучаць падтэкстам, што дзейнасьць Інстытута адлюстроўваецца ў простай суме актыўнасьцяў, якія кожны з нас праяўляе на сваім месцы. Напрамую кажучы, Інстытут не павінен уяўляць нейкую “інвентарную карзіну”.
Мяркую, што адчуваньне таго, што побач працуюць творчыя, ахвярныя людзі, мусіць множыць нашы сілы. Працуючы разам, супрацоўнічаючы індывідуальна і групамі, мы можам асягнуць значна больш у рамках Інстытута. Падаецца, што мы мусім быць удзячны адзін аднаму за падтрымку ў памкненьні тварыць у сферы беларускай культуры і навукі, тут, за мяжой, у Канадзе. Не для самарэкламы, прапаную стварыць на нашым вэб-сайце галерэю сяброў Інстытута (з іх згоды), са здымкамі і кароткай інфармацыяй пра найбольш важныя творчыя посьпехі і планы.
Грашовыя сродкі
Якой бы ні была ахвярнасьць, але кожная арганізацыя такога тыпу як наша, мусіла б мець грашовыя сродкі на рэалізацыю тых ці іншых праектаў. Мінімум, што можна рабіць – гэта зьбіраць індывідуальныя сяброўскія складкі. На апошнім агульным сходзе БІНІМ у верасьні 2017 года памер складак быў вызначаны ў суме 30 даляраў. Паводле Статута гадавыя складкі неабходна здаваць да першага кастрычніка кожнага года або на просьбу скарбніка. Думаю наш скарбнік, сп. В. Шаўчэнка, пагадзіццца з наступнай маёй прапановай – паколькі інстытуцкі скарб толькі пачынае складывацца, то ёсць просьба да сяброў здаць складкі за 2018 год па-магчымасьці раней, у студзені-лютым, а таксама закрыць запазычанасць за 2017 год тым сябрам, якія яшчэ гэтага не зрабілі. Такім чынам, калі мы зберам складкі разам за два гады ў бліжэйшы час, то ў нас з’явяцца грошы на аператыўныя траты.
Аднак, мы добра ведаем, што сяброўскіх складак можа быць недастакова, калі праект будзе сур’ёзным. Традыцыйна ўсе ведаюць, што грошы можна атрымаць ад спонсараў, мецэнатаў, у правінцыяльных і федэральных структурах. Не адкрыю Амерыку – нам трэба гэтым займацца.
Сябрам Інстытута трэба шукаць грошы таксама, і ў першую чаргу, у правінцыйных і федэральных фондах. У якасьці прыклада прывяду падтрымку, якую атрымліваў беларускі суботні клас у Аттаве ў 2004-2009 г.г. ад Аттаўскага савета каталіцкіх школ. Для правядзеньня ўрокаў прадстаўлялася памяшканьне ў адной са школ горада, з 9.00 да 11.30. Да таго ж, аднаму настаўніку плацілі пачасова заработную плату, каля 15 даляраў за гадзіну.
Думаючы пра адукацыйныя праграмы для дзяцей (нядзельны клас) і дарослых (“Мова – нанова”) у Беларускім культурна-рэлігійным цэнтры ў Таронта, правёў прасьцейшы пошук. Магчыма гэта было ўжо зроблена і нашымі сябрамі ў Таронта, тым не менш, хачу падзяліцца вынікамі такога пошука:
Так, напрыклад, Toronto Catholic District School Board https://www/tcdsb.org/program , падтрымлівае адукацыйныя класы для дзяцей 20 нацыянальнасьцяў. Звяртацца да Carla Cerelli: тэл. 416-22208282×2495, е-мэйл carla.cerelli@tcdsb.org
Другая арганізацыя, Toronto District School Board, www.dtsb.on.ca тэл.416-397-3000, падтрымлівае 50 адукацыйных класаў для дарослых.
Абедзьве аргнанізацыі належаць да Міністрэства адукацыі правінцыі Антарыё.
Ведаю прыклад, калі наш сябра ў Аттаве атрымаў грант на напісаньне кнігі ў памеры 10.000 даляраў. Пошук для пішучых людзей можна рабіць на такіх сайтах: www.grants.ca www.canadacouncil.ca/funding https://allontario.ca/writing
Пішу не для таго каб агітаваць, а каб падзяліцца сваімі пакуль небагатымі ведамі ў гэтай галіне і зацікавіць вас. Разумею, што дабываньне грантаў не такі просты працэс, патрабуе часу, цярпеньня і веданьня падыходаў. Аднак, рабіць гэта трэба. Добра было б падумаць пра стварэньне Фонда БІНІМа.
Хацелася б, каб сябры Інстытута падзяліліся сваім досьведам у дабываньні канадыйскіх грантаў, і ў першую чаргу не акадэмічных, а агульнадаступных для публікі.
Папулярызацыя БІНІМа
Сярод важных задач для сяброў БІНІМа ёсьць папулярызацыя дзейнасьці нашага Інстытута. Адным з добрых падыходаў ёсць выкарыстаньне “лого” і імя БІНІМа. Вялікая просьба да ўсіх сяброў БІНІМа – выкарыстоўвайце, калі ласка, калі гэта адпавядае сітуацыі, як “лого” Інстытута, так і яго імя на мерапрымствах, якія вы праводзіце – канцэрты, прэзентацыі, лекцыі, і г.д.
Папулярызацыі Інстытута можа спрыяць і карыстаньне бізнэс-картамі з выявай “лого” Інстытута, фарматы якіх маецца прыгатаваць сп. В. Шаўчэнка для кожнага з сяброў Інстытута.
І нарэшце, будзем спадзявацца, на ўдзел усіх сяброў Інстытута ў працы нашага адноўленага вэб-сайта, які значна зьмяніўся дзякуючы намаганьням і прафесіянальным навыкам сп. А. Каралькевіча. Для таго каб сайт выглядаў усё лепей і лепей яго трэба папаўняць новымі цікавымі матэрыяламі, якія тычацца як дзейнасьці сяброў і груп Інстытута, так і запазычаных з іншых сайтаў. Саша Караткевіч падрыхтаваў матэрыял-інструкцыю, як карыстацца сайтам, і як падаваць на яго інфармацыю. Матэрыялы, якія адлюстроўваюць актыўнасьць самаго Інстытута будуць паступова папаўняць архіў БІНІМа.
Прапануемыя практычныя дзеяньні на бліжэйшы час:
- сабраць сяброўскія складкі за 2017 і па магчымасьці за 2018 год,
- падрыхтаваць Статут БІНІМ на беларускай лацініцы (першая палова 2018 года),
- стварыць на нашым вэб-сайце галерэю сяброў Інстытута (з іх згоды), са здымкамі і кароткай інфармацыяй пра найбольш важныя творчыя посьпехі і планы (першая палова 2018 года).
Вось так, калі коратка, аб маіх першых думках адносна бліжэйшай перспектывы БІНІМа. Я не мог закрануць планы кожнага з сяброў БІНІМа, аднак, думаю, што пра сваю актыўнасьць вы з ахвотай будзеце дзяліцца на вэб-сайце Інстытута (100-годдзе БНР, канцэрты, фестывалі, выставы, прэзентацыі, акадэмічныя канферэнцыі).
З павагай,
Пётра Мурзёнак, старшыня БІНІМа ў Канадзе
17 сьнежня 2017 года, Аттава