27 лістапада – Дзень Герояў

 

Пётра Мурзёнак: 27 лістапада – Дзень Герояў (кароткі нарыс)

Слуцкі збройны чын адбыўся ў канцы 1920 года (27 лістапада – 31 сьнежня), у час, калі ішла польска-савецкая вайна. Падчас паўстаньня прайшлі баі паміж беларускімі сіламі, прыхільнымі да Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), і Чырвонай Арміяй.

 

Ваенна-палітычныя ўмовы вакол Слуцкага збройнага чыну

Паўстаньне адбылося ў хуткім часе пасьля заключэньня Рыжскага дагавора аб перамір’і і ўмовах міру паміж Польшчай і Расіяй, падпісанага 12 кастрычніка 1920 года. Ні адна беларуская дэлегацыя, ад БНР ці ад БССР, не былі дапушчаны ні на перамовы, ні на падпісаньне гэтага дагавора. 20 кастрычніка 1920 года ў Рызе была склікана Беларуская нацыянальна-палітычная каферэнцыя, якая пастанавіла:

“1. Умову аб прэлімінарным міру паміж Р.С.Ф.С.Р. і Польшчай, падпісаным 12 кастрычніка 1920 г., каторая можэ легчы у аснову сталага міру – лічыць для Беларускага Народу неабавязковай.

  1. Усімі спосабамі і сродкамі вясьці барадзьбу і далей за незалежнасьць і непадзельнасьць Беларускай Гароднай Рэспублікі з усімі яе ворагамі.
  2. Патрэбаваць абавязковага учасьця Дэлегацыі Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі у дальнейшых перагаворах аб міру паміж Р.С.Ф.С.Р. і Польшчай.
  3. Прызнаць дзеяльнасць Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі і крокі, каторыя ён рабіў для абароны незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі правільнымі, канешнымі і згоднымі з волей усяго Беларускага Народа.

Старшыня К. Душэўскі

Віцэ-старшыня Галавінскі

Сэкрэтар Пігулеўскі”    (Архівы БНР, Том І, Кніга 2, с. 918).

 

Падобныя дэкларацыі пратэсту былі зроблены на канферэнцыі беларускіх сацыялістычных партый – сацыялістаў-рэвалюцыянераў, сацыялістаў-дэмакратаў, і сацыялістаў-федэралістаў (21 кастрычніка 1920 г., Рыга), і прадстаўнікамі Найвышэйшай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (21 кастрычніка 1920 г., Варшава-Мінск) (Архівы БНР, Том І, Кніга 2, с. 919-920, с.921-923).

Рэалізаваць, аднак, пастаўленыя задачы не ўдалося, бо 18 сакавіка 1921 года Рыжскі мірны дагавор быў канчаткова падпісаны і вызначана новая усходняя мяжа Польшчы. Вынікам дагавора стала тое, што Беларусь і Украіна былі падзелены на дзве часткі, але гэта адбылося ўжо пасьля Слуцкага збройнага чыну.

Граніцы Польшчы пасьля Рыжскага мірнага дагавора

 

Удзельнікі Слуцкага збройнага чыну

Падчас польска-савецкай вайны (студзень 1919 – сакавік 1921) Слуцк некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі. Напярэдадні падпісаньня прэлімінарнага Рыжскага дагавора, Слуцк быў пад польскім кантролем. Рыжскі дагавор стымуляваў актыўнасць Беларускага нацыянальнага камітэта ў Слуцку*.

*Створаны ў красавіку 1918 году. Пасьля прыходу Чырвонай Арміі быў на нелегальным становішчы. Аднавіў сваю дзейнасьць у студзені 1919 году. Меў цесную сувязь і фінансаваўся Часовым беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску. Палітычна знаходзіўся пад уплывам беларускіх эсэраў. У траўні 1920 году выступіў з пратэстамі ў адрас Польшчы й Савецкай Расіі, у якіх асудзіў тайныя перамовы пра падзел Беларусі. 1 лістапада 1920 году створаны новы склад камітэту на чале з А. Паўлюкевічам, які стаяў на пазыцыях Найвышэйшай Рады БНР. На І-м беларускім зьезьдзе Случчыны 14 лістапада 1920 году перадаў свае паўнамоцтвы абранай Беларускай радзе Случчыны.

Арсень Паўлюкевіч (1889 — ?) , лекар, Маскоўскі ўнівэрсытэт, узначаліў адноўлены Слуцкі беларускі нацыянальны камітэт (лістапад 1920), загадваў шпіталем паўстанцаў. Пасьля паўстаньня жыў у Нясьвіжы, Сіняўцы, Вільні, стваральнік Часовай беларускай рады, палітычны апанэнт левых беларускіх партыяў (БСРГ, КПЗБ) (1924). Палянафіл, аднак, у 1928 г., як савецкі шпіён асуджаны польскім судом на 12 год катаргі. Удзельнік, антыгітлераўскага супраціву ў Варшаве, схоплены і расстраляны немцамі.

Найвышэйшая рада БНР, орган прадстаўнічай улады, створаны 14 сьнежня 1919 г. у Мінску пасля расколу Рады БНР. Яе стварылі тыя беларускія дзеячы (37 чалавек), якiя лiчылi магчымым супрацоўнiцтва з Польшчай. Узначаліў Найвышэйшую раду Язэп Лёсік. Пасля падпісаньня польска-беларускай дамовы 24 сакавіка 1920 года Найвышэйшая рада БНР атрымала фінансавыя датацыі, што прывяло да істотнага росту яе ўплыву — праз стварэньне апарату і магчымасьці працаўладкаваньня для беларускіх дзеячаў у Мінску. У 1921 годзе Найвышэйшая рада БНР спынiла сваё iснаваньне.

 

Пад кіраўніцтвам Беларускага нацыянальнага камітэта былі створаны першыя атрады народнай міліцыі, каля 500 чалавек. Палякі не чынілі ў тым перашкоды, бо зьбіраліся пакідаць тэрыторыю Случчыны ў адпаведнасьці з прэлімінарным Рыжскім дагаворам. Сярод беларускіх дзеячаў камітэта не было поўнай згоды – частка з іх выступала за ўзаемадзеяньне з Польшчай, другая – з савецкай Расіяй. У пачатку лістапада, пасьля адыходу палякаў, у Слуцкім павеце прайшлі новыя выбары і новыя камітэты замясьцілі старыя, прызначаныя польскай адміністрацыяй.  Камітэт, у якім найбольш уплывоваў сілай былі сацыял-рэвалюцыянеры (эсэры), склікаў на 14 лістапада 1920 года з’езд Случчыны. На з’езд вылучаліся дэлегаты – па пяць ад кожнага мясцовага камітэта і па аднаму ад беларускіх арганізацый. У з’езде прынялі ўдел 107 дэлегатаў са Случчыны і некалькі прадстаўнікоў Беларускай арміі Булак-Балаховіча.

 

З’езд прыняў Ухвалу, у якой гаварылася:

УХВАЛА БЕЛАРУСКАГА З’ЕЗДА СЛУЧЧЫНЫ.

Слуцк, 14-го ХІ. 1920 году.

Першы Беларускі з’езд Случчыны, скліканы у лічбе 107 дэлегатаў, вітае Раду Беларускай Народнай Рэспублікі і сьведчыць, што усе свае сілы аддасьць на адбудову сваёй Бацькаўшчыны.

З’езд катэгорычна пратэстуе проці акупацыі родных зямель чужацкім наездам і проці самазваннай Савецкай улады як урад Кнорына і іншыя, якія паутвараліся на Беларусі. Бацькаушчына наша зруйнавана чужынцамі, якія нішчаць яе і да гэтуль, і мы, аддаючы справе адбудаваньня нашай Бацькаушчыны усе нашы сілы і жыцьця, зьвертаемся да усяго сьвету і Саюзу Народау аб дапамозе у стварэньні нашай вайсковай сілы.

Шчыра вітаем нашу сястру Польшчу.

Прыняцьце ухвалы было пакрыта воклікамі:

Няхай жыве вольная, незалежная, дэмакратычная Беларуская Народная Рэспубліка у яе этнографічных граніцах!

Няхай жыве Беларуская армія!

Няхай жыве беларускі народ!

Няхай жыве братэрства усіх славянскіх народау!

Няхай жыве Беларускі Устаноўчы Сойм!” (Архівы БНР, Том І, Кніга 2, с. 956-957).

 

На з’едзе была ўтворана Рада Случчыны з 17 чалавек на чале з У. Пракулевічам. Задачай Рады было стварэньне часовай мясцовай улады (да правядзеньня рэгулярных выбараў) і арганізацыя вайсковай абароны.

Уладзімір Пракулевіч (1887-1938), юрыст, Маскоўскі універсітэт. Суддзя ў Слуцку (1918). Старшыня Беларускай рады Случчыны і адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну 1920. Сакратар міжнародных спраў Беларускай партыі эсэраў (1921, Вільня). Дзяржаўны сакратар Урада БНР (на выгнаньні) пад кіраўніцтвам А. Цьвікевіча (1923). У 1926 г. вярнуўся ў БССР, арыштаваны (1930) і сасланы на 5 гадоў у Перм (1932), арыштаваны другі раз і забіты (1938).

Іншыя сябры Рады Случчыны:

Павел Жаўрыд  (1889-1939) беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, журналіст. Вучыўся на юрыдычным факультэце Варшаўскага ўнівэрсытэту. Юрысконсульт Слуцкага павятовага зямельнага аддзелу (1918), эсэр. У канцы 1920 году Найвышэйшай радай БНР прызначаны камісарам Случчыны, уваходзіў у склад Беларускае рады Случчыны. У 1921 знаходзіўся ў Вільні. Потым вярнуўся на Случчыну. У 1923—1930 гадох працаваў у Белсельпрамсаюзе, Мар’інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, Інбелкульце, газеце «Зьвязда». Арыштаваны (1930) па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі».  Асуджаны да 5 гадоў лагераў (1931), вызвалены ў 1934 г. Зноў арыштаваны (1937) і асуджаны на 10 гадоў лагераў, дзе памёр ад хваробы.

Юры Лістапад (1897-1938), беларускі палітычны дзяяч, публіцыст. Скончыў 1-я Беларускія пэдагагічныя курсы (1918), настаўнічаў на Случчыне, школьны інструктар у Слуцкім павеце (1919). Удзельнік Слуцкага збройнага чыну. З 1921 году ў Заходняй Беларусі, інструктар беларускіх школаў на Віленшчыне. У 1922 вярнуўся ў Слуцак, настаўнічаў. Арыштаваны (1925), у сакавіку 1926 асуджаны на 5 гадоў турмы. Вызвалены ў лістападзе 1927. Зноў арыштаваны летам 1930 г., вызвалены празь некалькі месяцаў. У ліпені 1933 году перасяліўся ў Ржэў. У кастрычніку 1933 зноў арыштаваны, асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня (1934). Прыгавораны да растрэлу (1938).

ВасільРусак (1896-1954), выдавец, прадпрымальнік. Удзельнік 1-й сусьветнай вайне, прапаршчык. З 1917 сябра Беларускай сацыялістычнай грамады, удзельнік 1-га Ўсебеларускага кангрэсу ў Мінску (сьнежань 1917). З траўня 1918 году у ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У сакавіку 1919 году арыштаваны бальшавікамі. Сябра Слуцкага Беларускага нацыянальнага камітэту. У лістападзе 1920 г. старшыня зьезду Случчыны і сябра прэзыдыюму Рады Случчыны. Камандзір Другога Грозаўскага палка. У траўні 1922 году ў Коўне (Літва), займаўся арганізацыяй партызанскіх аддзелаў на Віленшчыне супраць палякаў. У канцы 1922 году выяжджае на вучобу ў Чэхаславаччыну (Праская вышэйшая тэхнічная школа). У 1931 годзе ўзначаліў Праскі Беларускі нацыянальны камітэт. Арыштаваны ў Празе савецкай контрвыведкай (1945), асуджаны на 10 гадоў лагераў (1946), там і памёр у 1954 годзе.

 

Вайсковыя дзеяньні

Рада Случчыны абвясьціла ўсеагульную мабілізацыю, вынікам якой стала стварэньне вайсковых сіл, колькасцю да 10.000 чалавек (па розных зьвестках ад 4.000 да 10.000). Асноўную частку войска складалі жыхары Слуцка і навакольных вёсак (Цімкавічы, Копыль, Семежава, Грозава, і іншых). Былі ўтвораны 2 палкі – 1-шы Слуцкі (камандзір, палкоўнік А. Гаўрыловіч), і 2-гі Грозаўскі ( капітан Семянюк).

Сцяг 1-га слуцкага палка, Вільня, 1921

Паколькі сілы Чырвонай Арміі ўжо падступаліся з усходу, вайсковы штаб случчакоў знаходзіўся ў Семежава, за дзесятак кіламетраў на захад ад Слуцку. Слуцкая рада цесна супрацоўнічала з арміяй Булак-Балаховіча. 24 лістапада 1920 г. войскі случчакоў канцэнтраваліся вакол Семежава. 27 лістапада адбыліся першыя баі з бальшавікамі. У далейшым случчакі ваявалі партызанскімі метадамі. 31 сьнежня слуцкая брыгада (каля 1.500 чалавек) адыйшла на польскую тэрыторыю, дзе была разброена. Частка воінаў з тых, што вярнуліся на радзіму, была арыштавана, некалькі соцен сем’яў было адпраўлена ў ссылку на Ўсход.

20 студзеня 1921 года частка сяброў Рады Случчыны на сваім паседжаньні ў Баранавічах, што былі пад Польшчай, прызнала сваім кіраўніком Булак-Балаховіча. Частка сяброў Рады Случчыны выехала ў Вільню. Рады Случчыны перастала існаваць.

Станіслаў Булак-Балаховіч (1883-1940), вайсковец, меў узнагароды за гераізм у 1-й сусветнай вайне, ротмістр (1916), паручнік (1917), генерал-маёр Белай арміі, удзельнік грамадзянскай вайны ў Іспаніі на баку Франко. У пачатку лістапада 1920 г. ў яго арміі налічвалася 20.000 чалавек. Узначаліў Беларускі палітычны камітэт, які пазьней ператварыўся ва ўрад БНР.  Не прызнаваў Урады БНР Ластоўскага і Луцкевіча. 16 лістапада 1920 г. стаў Начальнікам Беларускай дзяржавы. 27 красавіка 1921 года – прызначаны ўрадам БНР вярхоўным налоўнакамандуючым над усімі узброенымі сіламі Беларусі (у асноўным за мяжой).

 

Уганараваньне слуцкіх паўстанцаў

Помнік слуцкім паўстанцам, усталяваны беларускімі эмігрантамі у 1948 г.
(Міттэнвальд, Германія, Альпы)

 

Дакументальны фільм “Слуцкі збройны чын”, Белсат (2008).

Мастацкі фільм па В. Быкаву “На Чорных Лядах”.

Слуцкі збройны чын. 2017.

 

Спасылкі:

Архівы БНР, пад рэд. С. Шупы. Беларускі інстытут навукі і мастацтва, Таварыства беларускага пісьменства. Вільня-Н’ю-Ёрк, Менск, Варшава, 1998.

Латышонак А. Жаўнеры БНР. Смаленск: Інбелкульт, 2014. 373 с.

Ляхоўскі Ул. І іншыя  Слуцкі збройны чын 1920 у дакладах і ўспамінах. Мінск, 2001.

Ляхоўскі Ул.  Героі Беларусі.  “Наша Ніва”, 17 сьнежня 2010.