Францішак Скарына – чалавек Беларусі еўрапейскай

Пётра Мурзёнак: Францішак Скарына – чалавек Беларусі еўрапейскай
Эсэ

Уступ

Пяць стагоддзяў мінула з таго часу, калі Францішак, сын Лукі Скарыны з Полацку, надрукаваў у Празе першую беларускую кнігу. Гледзячы на такое на першы погляд далёкае мінулае паспрабуем усьведаміць важнасць гэтай падзеі для сучаснай Беларусі.
Жыцьцю і творчасці гэтага выбітнага беларуса прысьвечаны дзесяткі манаграфій і дысертацый, сотні публікацый. Над гэтай тэмай працавалі чэшскія, украінскія, рускія, англійскія дасьледчыкі. Пералік толькі імён вучоных, якія пісалі пра Ф. Скарыну заняў бы некалькі старонак. Можна нагадаць толькі самыя першыя артыкулы пра Ф. Скарыну на беларускай мове, якія з’явіліся на пачатку 20-га стагоддзя: Сяргея Палуяна «Калі друкавалася першая беларуская Біблія» (Наша Ніва”, 1909) і Вацлава Ластоўскага “У 400-летнюю гадаўшчыну” (“Гоман”, 1917). З самых сьвежых публікацый (2017) можна адзначыць фундаментальную кнігу “Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка” (укладальнік А. Суша), прэзентацыя, якой нядаўна адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, ці серыю папулярных артыкулаў журналіста С. Абламейкі на старонках “Радыё Свабода”.
Хацелася б адзначыць уклад прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў галіне “скарынаведы”. Сярод іх, І. Дварчанін (1895-1933), які абараніў дысертацыю на тэму “Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве” (1926, Прага); В. Тумаш (1910-1998), заснавальнік і дырэктар Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў ЗША (БІНіМ), які напісаў дзесяткі артыкулаў пра Ф. Скарыну; Я. Садоўскі (1926-1982), трэці прэзідэнт БІНіМу Канады, які напісаў 2 доктарскія дысертацыі прысьвечаныя Скарыне: “Францішак Скарына” (ступень доктара літаратуры ў славяназнаўстве ў 1964 г.) і “Лінгвістычны аналіз чатырох кніг царстваў, надрукаваных Скарынам у 1518 г.” (ступень доктара філасофіі у 1967 г.); айцец А. Надсан (1926-2015), заснавальнік і кіраўнік бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане (Вялікабрытанія). У год 50-годдзя Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Канадзе (БІНіМ), якое адзначалася ў верасьні гэтага года, сябры інстытута надалі імя Францішка Скарыны сваёй арганізацыі.

 

Гістарычныя ўмовы вакол Полацка – 1017, 1517 (час Скарыны), 2017
Год 1017

Пяцьсот гадоў мінуўшых ад друкаваньня першай беларускай кнігі, гэта вельмі шмат у параўнаньні з працягласьцю жыцьця аднаго чалавека, але адносна мала для існаваньня краіны. Калі адлічыць яшчэ пяць стагоддзяў назад ад таго часу, у якім жыў Ф. Скарына, то мы апынемся ў 1017 годзе ў старажытным Полацку. Полацкім княствам тады кіраваў (з 1003 па 1044 гг.) князь Брачыслаў з роду Рагвалодавічаў. Ён быў бацькам знакамітага князя Ўсяслава Чарадзея, менавіта пры Ўсяславе Полацкае княства дасягнула найбольшага росквіту і заявіла аб сабе як самастойная незалежная ад Кіева дзяржава (кіраваў з 1044 па 1101 гг.).
Сам Брачыслаў далучыў да Полацка землі паміж Заходняй Дзвіной і Дзісной, паміж Заходняй Дзвіной і Дняпром, заснаваў горад Браслаў і нават спрычыніўся да супольнага кіраваньня Кіеўскай Русьсю разам з Яраславам. Гэта былі часы, калі асноўная небяспека для Полацка ішла ад крыжакоў з захаду, бо ў Паўночна-Усходнім краі яшчэ не было ніякіх княстваў (Маскоўскае княства арганізавалася ў 1263г.). Нягледзячы на крыжацкія пагрозы Полацкая дзяржава гандлявала з еўрапейскімі краінамі праз Рыгуі іншыя гарады. Іронія заключаецца ў тым, што жадаючы прысабечыць сабе гісторыю Кіеўскай Русі, у 1785 годзе Расійская імперыя пабудавала серыю фрэгатаў пад назвай “Брачыслаў” – у гонар “іхняга” легендарнага князя. Полацк быў захоплены Расіяй у 1772 годзе, а да гэтага часу Полацкія землі (за выключэньнем 1563 – 1579 гг., 1705 г.) ніколі да Расіі-Масковіі не належалі.
Тут адзначым, што Полацк (862) і Полацкае княства (960) на працягу свайго доўгага існаваньня забясьпечвалі развіцьцё людзей і краю і склалі аснову беларускай дзяржаўнасці сёньня.

Год 1517 (час Скарыны)

Мы сёньня ганарымся тым, што Полацкая дзяржава часоў Брачыслава-Чарадзея пазьней гарманічна ўлілася ў склад ВКЛ, вялікай еўрапейскай краіны. Менавіта ВКЛ зберагло ўсходніх славян ад еўразійскага уплыву, які спрабавалі нясці для беларусаў і украінцаў спачатку мангола-татары, а пазьней маскалі. Францішак Скарына (1481-1540) нарадзіўся ў ВКЛ. Плошча ВКЛ, дзякуючы набыткам такіх

лідэраў і аб’яднальнікаў ўсходніх славян як князі Гедымін, Альгерд, Вітаўт складала ў часы жыцьця беларускага першадрукара каля 690.000 кв. км., у ВКЛ у 1493 г. пражывала 3.75 млн русінаў (беларусаў і украінцаў) і 0.5 млн літоўцаў. Пачатак 16 ст. быў перыядам росквіту ВКЛ, дзяржава гандлявала і мела шматлікія зносіны з еўрапейскімі краінамі. Аднак, мірнаму жыцьцю ВКЛ, і Полацка ў прыватнасьці, перашкаджалі агрэсіўныя прэтэнзіі Маскоўскага царства, якое толькі-толькі вызвалілася ад праўленьня Залатой Арды і пераняўшы ад сваіх нядаўніх валадароў агрэсіўную палітыку рушыла не толькі на ўсход, але і на захад. Ці ведаў аб гэтым малады Францішак? Безумоўна, што ведаў.
У 1506 г. у Кракаўскім універсітэце ён атрымаў ступень бакалаўра мастацтва, у 1512 г. у Падуанскім універсітэце – ступень доктара медыцыны, а ў 1512 г. падчас аблогі Полацк быў спалены маскоўскімі войскамі, у верасьні 1514 г. адбылася найбуйнейшая бітва на тэрыторыі Еўропы паміж ВКЛ і Маскоўскім царствам, якая скончылася перамогай ВКЛ. Да якой краіны ён сябе адносіў і мог сябе адносіць? Відавочна, што да ВКЛ – так пазначана яго прыналежнасць у дакументах Кракаўскага універсітэта “Францішак з Полацка, ліцьвін”. Але таксама відавочна, што ён, атрымаўшы адукацыю ў вядучых навуковых цэнтрах Еўроры, не мог не лічыць сябе еўрапейскім чалавекам. Тым больш, што Еўропа заканчывалася ў тыя часы на ўсходніх граніцах ВКЛ; азіяцкая Масковія і Расія часткова трапілі ў Еўропу толькі ў часы Екацярыны ІІ, калі еўрапейскія усходнія геаграфічныя межы былі пасунуты да Уральскіх гор.

Год 2017

Што б сказаў сёньня Францішак Скарына сваім землякам-палачанам? Магчыма б ён і парадаваўся таму, што ў яго горадзе ў знак яго надзвычайнага ўклада ў беларускую культуру стаіць помнік, яшчэ адзін помнік стаіць у Мінску каля Нацыянальнай біблятэкі, якая носіць яго імя, помнікі ў Лідзе, Празе, Калініградзе, яго творчасьці прысвечаны фільм савецкіх часоў “Я Францыск Скарына”, і ўбачыў бы шмат яшчэ якіх ўганараваньняў яго здзяйсненьняў (назвы ўзнагарод, вуліц і г.д.). Але калі б не яго надзвычайная постаць, прызнаная ва ўсім свеце, магчыма і не было б гэтых угнараваньняў. Успомніце, як лёгка назву галоўнай вуліцы, праспекта Ф. Скарыны, недальнабачныя і неадукаваныя асобы з лёгкасьцю памянялі на праспект Незалежнасці. Да гэтага часу не праходзіць ідэя прысваеньня Мінскага аэрапорту імя Скарыны. Відаць занадта многа беларускасьці нясе імя Скарыны недабраахвотам і прадаўцам Беларусі.

Магчыма ён таксама быў бы прыемна здзіўлены, што значная частка ВКЛ, дзе ён нарадзіўся і рос, стала называцца Беларусьсю, якая, здавалася, стала нарэшце з 1990 года незалежнай краінай, нягледзячы на потугі нядобрага ўсходняга суседа. Ва ўсім гэтым несумненна ёсць і яго ўклад. Але з другога боку ён быў бы засмучоны, што ў верасьні 2017 года ўсяго ў некалькіх дзесяткаў кіламетраў ад Полацка расійскія войскі цяпер ужо разам з беларускімі рыхтуюцца да чарговай вайны з Захадам і Еўропай (каля 80 км да Лепельскага палігона, каля 40 км ла палігона Дрэтунь). Што ж тут зробіш, калі адной з галоўных ідэялагічных асноў развіцьця лукашэнкаўскай Беларусі і пуцінскай Расіі застаецца Вялікая айчынная вайна, а дзеці разам з дарослымі да гэтага часу гуляюць у вайну “нашы супраць немцаў”.

Думаецца таксама, што ён быў вельмі незадаволеным, што так мала друкуецца ў яго краіне кніжак па-беларуску, а сама беларуская мова з вялікай цяжкасьцю прабіваецца ва ўсіх сферах праз розныя перашкоды, і ў першую чаргу праз вельмі два кароткія словы “або” ці “ці”, якія паставілі лукашэнкаўскія кручкатворы ў розных інструкцыях, законах і падзаконах, якія ў канечным выніку даюць перавагу не беларускай мове, а рускай. Як тут не нагадаць сітуацыю ў Расіі, дзе зусім нядаўна, у сярэдзіне ліпеня, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў пра недапушчальнасць вывучэння няродных моваў на шкоду рускай мове. Ён даручыў Генеральнай пракуратуры Расіі да 30 лістапада праверыць, ці з’яўляецца добраахвотным вывучэньне родных моваў народамі Расіі ?! Так падаецца, што гэта адтуль, з усходу, ужо больш 20 год паціху вее вецер, які выдувае таксама і з беларусаў усё нацыянальнае, і самае каштоўнае – іх мову. Ніхто, аднак, не здымае віны самаго беларускага насельніцтва і пра-савецкага, пра-расійскага беларускага урада. Пакуль што беларусам ніяк не ўдаецца вырвацца з каланіяльнай залежнасьці ў якой яны знаходзяцца на працягу апошніх 2 стагоддзяў, пасьля таго як былі паглынуты Расійскай імперыяй.
Ф. Скарына быў бы вельмі здзіўлены тым, што большасць яго кніг, якія разыйшліся па ўсяму сьвету і якія існуюць да сёньня, знаходзяцца не ў яго роднай Беларусі. Не цяжка здагадацца, што асноўным калектарам скарынаўскіх кніг стала імперская Расія – 353 кнігі з 519 вядомых ва ўсім сьвеце, ва Украіне – 48 кніг, у Беларусі і Польшчы – па 28, у Славеніі – 20, у Даніі – 18, у Вялікабрытаніі і Германіі – па 11.

Нацыянальная ідэнтыфікацыя Ф. Скарыны супраць рэлігійнай
Старабеларуская мова і нацыяналізм Ф. Скарыны

Людзей, якія пражывалі на тэрыторыі ВКЛ, называліся ліцьвінамі. Так, у дакументах Кракаўскага універсітэта пры наданьні Скарыне навуковай ступені бакалаўра ў 1506 г. напісана “Францішак з Полацка, ліцьвін”. Карыстаючыся гістарычнай памяцьцю ліцьвіном называў сябе Адам Міцкевіч у сярэдзіне 19 ст. У 1512 г. Падуанскі універсітэт нацыянальную прыналежнасць Скарыны вызначаў як “рутэн” або “русін”. Думаецца, што аднясеньне Скарыны вядучымі еўрапейскімі універсітэтамі таго часу да ліцьвіноў ці рутэнаў не магло рабіцца без яго згоды.
Дасьледчыкі вельмі часта выкарыстоўваюць тэрмін рутэны, для людзей, якія пражывалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі і Украіны ў 10-18 ст.ст., і тэрмін маскалі, для людзей, што жылі на тэрыторыі Масковіі, утворанай у пачатку 13 ст. У мясцовасці, дзе жылі мае дзяды, на процілеглым баку ракі Дзісны, было некалькі маскальскіх вёсак (Грыгалаўшчына, Ваўкі), у якіх, паводле некаторых меркаваньняў, пражывалі стараверы, уцёкшыя ў ВКЛ ад рэлігійнага дэспатызму маскоўскага царства ў канцы 17 ст. Як пісаў мой бацька ў сваіх успамінах, за польскім часам (паміж двума сусьветнымі войнамі) дзеці з беларускіх вёсак празывалі і дразнілі дзяцей з маскальскіх вёсак “матукамі”, а тыя ў сваю чаргу ў адказ – “палякамі”, хаця ў сапраўднасьці ў дзедавай вёсцы жылі спрадвечныя этнічныя беларусы раздзеленыя напалову па рэлігійнаму прызнаку на праваслаўных і баптыстаў, і ніякіх там палякоў-каталікоў у ёй не было.
Сам Скарына мог сябе лічыць ліцьвіном або рутэнам па тэратэрыяльнаму ці этнічнаму прызнаку, аднак, у сваіх кнігах ён вызначаў сябе чалавекам рускім, што было натуральным, бо ён карыстаўся рускай мовай таго часу. Сёньня даследчыкі вызначаюць мову таго часу старабеларускай, царкоўнаславянскай ці старарускай мовай. Дыфферэнцыяцыя беларускай, рускай і украінскай моў пачалася ў 14 ст. – тады можна было ўжо адрозніваць гаворкі і пісьмовыя мовы, існаваўшыя ў ВКЛ і Масковіі – старабеларуская (заходнеруская) і стараруская (маскоўская) мовы. Ф. Скарына увёў у свае кнігі, шмат слоў і вызначэньняў, якія ўжываліся ў побыце беларускімі людзьмі ў тыя часы, і якія пазьней паступова ўкараніліся і ляглі ў аснову беларускай літаратурнай мовы ў канцы 19 ст. Старабеларускай мовай, якой карыстаўся Скарына, напісаны і Статуты ВКЛ (1529, 1566, 1588).
Як бы сябе не называў Скарына, адно несумненна – друкуючы свае кнігі на старабеларускай мове ён адназначна засьведчыў сваю прыналежнасць да народа, які на ёй размаўляў, г.зн. да беларускага народа. Нават, калі ўлічыць, што такіх назваў – Беларусь і беларускі – на той час не было, як не было іх і ў часы Полацкага княства 500 год таму назад (1017). А беларусы тут жылі, жывуць і будуць жыць! Гэта аксіёма, якая абмеркаваньню не можа падлягаць у беларускім асяроддзі. Відавочна, што выбар мовы сваіх кніг і гэткім чынам выбар сваёй этнічнай\нацыянальнай прыналежнасці цалкам заслуга самаго Скарыны, яго сумленьня і яго грамадзянскай пазіцыі. У гэтым заключаецца яго патрыятызм і нацыяналізм адначасова, калі казаць сучаснымі тэрмінамі.
Ф. Скарына апынуўшыся і жыўжы доўгі час у Еўропе, як чалавек адукаваны і прагрэсіўны, не мог не заўважыць пачаўшайся асьветніцкай рэвалюцыі, зьвязанай з друкаваньнем кніг. Першая кніга ў Еўропе была надрукавана Й. Гуттенбергам у Германіі ў 1455 годзе. Гэтай кнігай стала “Біблія”, выдадзеная на лацінскай мове. Распрацаваная тэхналогія друкаваньня кніг хутка пачала пашырацца на другія краіны. Як правіла, першыя кнігі былі зьвязаны з рэлігійнай тэматыкай (псалмы, бібліі). Але найбольш важным у гэтым працэсе было тое, што кнігі ў розных краінах пачалі друкавацца на мове народаў, якія іх засялялі. На той час паняткаў “нацыя” і “нацыянальная дзяржава” не існавалі, аднак, мова першых кніг падкрэслівала этнічную іх аснову.
Першая кніга на роднай мове, нямецкай, была таксама выдадзена ў Германіі (1461, Пфістэр). Далей кнігадрукаваньне на роднай мове пашыралася даволі хутка – Італія (1470), Іспанія (1472), Каталонія (1474), Англія (1475), Францыя (1476), Грэцыя (1476), Галандыя (1477), Харватыя (1483), Партугалія (1487), Чэхія (1488), Данія (1495), Швецыя (1495), Шатландыя (1508), Арменія (1512), Польшча (1513), ВКЛ\Беларусь (1517), Фінляндыя (1544), Баскі (1545), Літва (1547), Ірландыя (1564), Румынія (1561), Масковія (1564). Скарына надрукаваў свае першыя кнігі 6 жніўня 1517 года ў Празе, якая была, разам з Кракавам, адным з цэнтраў славянамоўнага кнігавыданьня. Яго “Псалтыр” і 22 кнігі старога завета, былі надрукаваны на старабеларускай версіі царкоўнаславянскай мовы пад агульнай назвай “Біблія Руска”. Скарына стаў першым сярод усходніх славян, які пачаў друкаваць тэксты на нацыянальнай мове.

Асьветніцкі характар царкоўных кніг Ф. Скарыны

Як адзначаюць многія даследчыкі, “Біблія” Ф. Скарыны ў значнай ступені адрознівалася ад біблій, надрукаваных у Заходняй Еўропе ў той час. Па-першае, у кнізе была вялікая колькасць рутэнскіх слоў і адзначаны значны уплыў польскай і чэшскай моў. Па-другое, і што самае цікавае, “Біблія” мае аўтарскія Скарынавы тэксты, каментары, прадмову і тлумачэньні, а таксама яго аўтапартрэт. Гэта ўсё разам у значнай ступені адрознівала скарынаўскія кнігі ад класічнага напісаньня біблій. Не выключана, што такія новаўвядзеньні былі выкліканы уплывам Марціна Лютэра, які распачаў рэфармацыю каталіцкай царквы. Хаця наўрад ці яны, Скарына і Лютэр, сустракаліся. Марцін Лютэр (1483-1546) у тым жа 1517 годзе апублікаваў свае “Ninety Five Theses” (“95 пастулатаў”), у якіх абгрунтоўваў адмову ад некалькіх пастулатаў рымска-каталіцкай царквы, і ў прыватнасьці ад магчымасьці “адкупляцца ад грахоў”.


У газеце “The Economist” ад 31 студзеня 2017 г. Ф. Скарыну называюць Марцінам Лютэрам Беларусі і адной з найвялікшых фігур еўрапейскай культуры. У той жа час, у газеце адзначаецца, што калі дзейнасьць М. Лютэра прывяла да значных зьмен у цэрквах рымскага абрада і фармаваньню пратэстантызму, што і прынясло М. Лютэру міжнароднае прызнаньне, то праца Ф. Скарыны ніякім чынам не паўплывала на рэформы царквы грэцкага абраду. Апошняе, магло быць абумоўлена значнай артадаксальнасьцю і кансерватызмам праваслаўнай царквы. Ёсць інфармацыя, што Ф. Скарына быў у Маскве і друкаваў там свае кнігі, аднак, яны былі спалены. Кансерватыўнасць праваслаўнай царквы відаць адыграла сваю негатыўную роль і на дзейнасць І. Фёдарава, выхадца з-пад Вілейкі (ВКЛ), і П. Мсціслаўца, таксама выхадца з Беларусі, якія надрукавалі першую кнігу ў Маскве ў 1564 г. – і Фёдараў, і Мсціславец пад ціскам царкоўнікаў вымушаны былі пакінуць Маскву ў 1566 г. і пераехалі працягваць сваю друкарскую справу ў ВКЛ (Заблудаў, Вільня) і на Украіну (Львоў).
Трэба адзначыць, што ўсё ж уплыў Лютэра і Скарыны на царкву меў розны характар – М. Лютэр быў прафесарам тэалогіі, якія абгрунтаваў новую прагрэсіўную рэлігійную плынь, у той час як Ф. Скарына выступаў хутчэй у ролі асьветніка. Аднак, што яднае абоіх гэтых людзей, гэта тое, што яны спрашчалі дарогу паміж небам і простымі людьмі, гаварылі на мове простых людзей. Мы можам таксама дапусціць, што Ф. Скарына даў штуршок працэсам Рэфармацыі у ВКЛ. Менавіта пасьля Скарыны ў ВКЛ з’явіліся пратэстанты, якія, як зараз лічуць вучоные, далі штуршок прагрэсіўным пераўтварэньням у Еўропе, і не толькі ў рэлігійнай, а і ў іншых галінах культурнага жыцьця ў эпоху Сярэднявечча.
Дакладна не вядома якога веравызваньня быў Ф. Скарына. Большасць даследчыкаў схіляецца да таго, што ён прытрымліваўся царквы грэцкага абраду. Пра гэта можа сведчыць тое, што Полацк, у якім нарадзіўся і жыў Ф. Скарына, пасьля прыняцьця Брэсцкай уніі 1596 г., яшчэ доўгі час не прымаў уніяцтва (напрыклад, бунт 1623 г. і забойства уніяцкага архіяпіскапа І. Кунцэвіча). Прысабечыць імя Скарыны вельмі хацела праваслаўная царква – для гэтага была створана легенда, што паколькі Скарына апрача імя Францішак меў другое імя – Георгій, якое як бы было характэрна толькі для царкоўных праваслаўных імён, то значыць ён быў чалавекам праваслаўным. Аднак, як паказалі дасьледчыкі (Неміроўскі) у ВКЛ у часы Скарыны не існавала падзелу на каталіцкія і праваслаўныя імёны. Як аказалася пазьней, слова падобнае на імя Георгій, было неправільна перакладзена са скарынаўскага дакумента – у грамаце Жыгімонта Старога ад 1532 г. наш першадрукар называецца “egregius Franciscus Skorina de Polocko”, дасьледнік Лаўмянскі ў 1925 г. выказаў здагадку, што пісар у дакумэнце пераблытаў імя Georgius і прыметнік egregius — шаноўны, слаўны.
Не выключаецца, аднак, калі мець на ўвазе яго адукацыю ў Падуі і Кракаве, што Ф. Скарына мог зьмяніць сваё веравызнаньне на рымска-каталіцкі абрад, якога прытрымліваліся універсітэты гэтых гарадоў. Трэба дадаць, што ён мог стаць каталіком і раней – у Полацку ў 1498 г. быў адкрыты манастыр фрацысканцаў-католікаў. Малаверагодна, што ён быў пратэстантам, аднак, як адзначалася вышэй, рэфарматарскія ідэі М. Лютэра і яго пасьлядоўнікаў (Ж. Кальвін, 1509-1564; У. Звінглі, 1484-1531; Д. Нокс, 1513-1572) маглі мець значны уплыў на рэалізацыю Скарынаўскіх праектаў кнігадрукаваньня, што тычыцца формы і падачы аўтарскага матэрыялу і каментараў у кнігах выключна рэлігійнага зместу, як гэта было з “Бібліяй” ці з кнігамі малога фармату, якія маглі быць больш даступнымі для простых беларусаў.
Думаецца, што для нас сёньня не так і важна якога веравызнаньня быў Ф. Скарына. Тое што аб гэтым няма афіцыйных зьвестак можа толькі сведчыць аб рэлігійнай талерантнасці Скарыны, якая, дарэчы, была характэрна для ўсяго ВКЛ. Але вось, што адназначна вынікае з кнігаў Скарыны – гэта тое, што яны прызначаліся для “людзей паспалітых”, г.зн. для простых, бедных людзей. Хтосьці можа спрачацца і казаць аб тым, што тыражы кніг былі невялікімі, 300-500 экзэмпляраў (па разліках, Скарынам было надрукавана каля 10.000 кніг), што невялікая частка насельніцтва была граматнай, і значыць толькі багатыя людзі маглі карыстацца гэтымі кнігамі. Але відаць Скарына бачыў значна далей.
Асьветніцкая рэвалюцыя, якую несла з сабой кнігадрукаваньне можна сёньня параўнацца з развіцьцём і ўжываньнем кампутараў і інтэрнэта. 30-40 год назад толькі адзінкі з беларусаў мелі кампутар, а сёньня без кампутара ці без доступу да інтэрнэта нельга ўявіць сабе ні адну беларускую сям’ю. Што надзвычай важна – Скарына не толькі надрукаваў першыя кнігі па-беларуску, ён прывёз тэхналогію кнігадрукаваньня у сваю краіну. Ужо ў 1522 г. у Вільні ён выдаў малым фарматам “Малую падарожную кніжыцу”, а ў 1525 г. кнігу “Апостал”. Зноў жа, мовай гэтых царкоўных кніжак была старабеларуская. Дасьледчыкі падлічылі, што звыш 40% слоў у іх адносіцца да беларускай лексікі, астатнюю частку, складаюць царкоўнаславянскія словы. Гэта і зразумела, менавіта ў гэты час працягвала пашырацца розьніца, якая была ўжо добра заўважнай у канцы 14 ст., паміж трыма ўсходнеславянскімі мовамі – беларускай, рускай і украінскай.

Заключэньне

Імя Ф. Скарыны ўсьведамляецца беларусамі не толькі як з першадрукаром беларускіх кніг і яго прыналежнасьцю да беларускага народа, а і не ў меншай ступені з яго прыналежнасцю да еўрапейскай цывілізацыі. Гонар для беларусаў мець у сваёй спадчыне такога гіганта-асьветніка, першапраходца і інаватара, якім ёсць у беларускай і ўсходнееўрапейскай гісторыі Францішак Скарына. Яго фігура настолькі вялікая, што мы можам не крыўдаваць, калі кусочкі яго славы хочуць перайняць нашы суседзі, аднак, само яго жыцьцё і асноўныя здзяйсненьні без сумневу належаць Беларусі. Паводле рэтраспектыўнага аналіза эпохі, у якой жыў і тварыў наш зямляк, можна, з пункту гледжаньня сёняшніх ўяўленьняў аб нацыі і нацыянальнай дзяржаве, сьвярджаць, што Ф. Скарына і ідэнтыфікаваў сябе беларусам. Так, у тыя часы ён мог быць і ліцьвіном, і рутэнам, і рускім, аднак для нас сёньня ён беларус і беларус з еўрапейскай вартасьцю. Яго еўрапейскасць спрыяе паступоваму вяртаньню нашай краіны ў Еўропу, як бы гэта не падабалася тым дзяржаўным дзеячам і навукоўцам, якія глядзяць у еўразійскі бок.

Piotra Murzonak: Francishak Skaryna – the Person of Belarus European
(“CULTURE. NATION”, September 2017, issue 19, p.28-37; www.sakavik.net)
Five centuries have passed since that time, when Francishak, son of Luka Skaryna from Polatsk, printed the first Belarusian book in Prague. Honor for Belarusians to have in their inheritance of such a giant and educator, pioneer and innovator, which is in the Belarusian and East European History Francishak Skaryna. His figure is so high that we can not take offense when a piece of his fame want to borrow our neighbors, however, its very life and the fulfillment of the basic undoubtedly belong to Belarus. Retrospective analysis of the era in which our countryman lived and worked claims, in terms of current understanding of the nation and the nation-state, that F. Skaryna and identified himself as Belarusian. Yes, in those days he could be Litvin and Ruthen and Russian, but today he is for us the Belarusian and the Belarusian of the European value. His europeaness contributes to the gradual return of our country to Europe, even that do not like those statesmen and scholars looking at the Eurasian side.