І ЖЫЛА БЕЛАРУСЬ НА ЧУЖЫНЕ !
Памяці Вольгі Грыцук з дому Дуброўскіх (29.10.1923–22.04.2019)



І ЗДЗЕЙСНІЦА ДЗІСНА !

“Мая радзіма – Дзісеншчына… І не магу зразумець тых,
      хто лёгка забываецца на сваю зямлю, сваю родную мову,
      на ўсё, што робіць чалавека чалавекам…”
            Вольга Грыцук з дому Дуброўскіх

Жыла ў Дзісне з Дуброўскімі, Ластоўскімі,
там чула Жаўняровіча псалмы…
Дасюль Дзісна ні крыгамі, ні войскамі
не змецена: тут Адзігітрыя і мы.

Да Друі, да Лявонпаля, да Браслава
схіляюцца чупрыны курганоў.
І сёння ёй, Васільеўне, прыўкраснага
тут вельмі многа для паромаў-сноў.

Дарожкаўскую вуліцу з каштанамі,
муры, капліцу помніла дзяўчо…
…Пранесліся нягоды – ураганамі
і пад спадзеў падстаўлена плячо.

Каханейка пякучае не стоміцца
збіраць сляды дзяцінства ля Дзвіны…


Ёй здзейсніца Дзісна! Вярба памоліцца,
каб наша суайчынніца-патомніца
прыйшла на фэст пад родныя званы.

6 верасня 2013

22 красавіка 2019 года з беларуска-канадскай дарогі сыйшла ў таямнічы свет спадарыня Вольга Грыцук. Яна больш як паўвека жыве ў канадскім горадзе Кінгстан. А нарадзілася каля старажытнага беларускага горада Дзісна. І я нарадзіўся недалёка ад Дзісны ў 1942 годзе. Вольга, дачка Васіля Дуброўскага, назаўсёды пакінула руіны згарэлага ад бамбёжак дома ў 1944 годзе. Праз 60 гадоў пасля тых падзей пачалася наша перапіска. Лагоднай, чулай, зычлівай суайчынніцы прысвячаў вершы, дбаў, каб і на яе радзіме захаваліся добрыя згадкі пра зямлячку. Мы былі аднадумцы ў галоўным – у любові і павазе да свайго айчыннага мацерыка.

Невымерны патрыятызм Вольгі -- гэтай прыўкраснай галінкі на радаводным дрэве Дуброўскіх – натхняла чытачоў яе кнігі “Мы стваралі сваю Беларусь (Жыццё і дзейнасць Аляксея Грыцука)”. Гэты зборнік быў выдадзены ў Мінску ў 2007 годзе. Такім чынам была ўзноўлена памяць аб адным з лідэраў пасляваеннай эміграцыі ў Канадзе Аляксею-Алесю Грыцуку (1910—1976)—таленавітым і мужным сыне беларускага народа, які пакінуў у памяці сучаснікаў, як пісала ў артыкуле “Ад укладальніцы” Вольга Іпатава, моцны духоўны імпульс.

Сваім уступным словам “Дзякуючы ім жыла Беларусь на чужыне” далучылася да гэтага выдання і Івонка Сурвілла, старшыня Рады БНР. Чытачы кнігі пазнаёміліся з багатай творчай спадчынай Аляксея Грыцука – мужа спадарыні Вольгі. А пісьменніца Вольга Іпатава правяла літаратурную апрацоўку і творчых набыткаў самой Вольгі Васільеўны --- пра Паўліну Мядзёлку, уладыку Мікалая з Таронта… Перачытваю зноў радкі зямлячкі з аповеда “Маё жыццё да сустрэчы з Алесем”: “Мая радзіма – Дзісеншчына. І дасюль, як заплюшчу вочы, бачу свой родны дом, над якім узыходзіць сонейка, росныя ранкі, прыгожую беларускую прыроду. Усё гэта застаецца з чалавекам навечна, і я не магу зразумець тых, хто лёгка забываецца на сваю зямлю, сваю родную мову, на ўсё тое, што робіць чалавека чалавекам”.

Вольга Грыцук, натхнённая сваім мужам, стала актыўнай дзяячкай беларускага руху. У 1965 годзе яна была адной з арганізатараў Згуртавання беларускіх жанчын Канады. У 1975-м абрана старшынёй ЗБЖ і ўзначальвала Згуртаванне да 1993 года. Узгадваю, як я быў расчулены кароткім аповедам спадарыні Вольгі пра дзяўчынку Лену, якая была “…жывой кветачкай з роднай Беларусі”. І не толькі Лену ратавала ад чарнобыльскіх хваробаў Вольга Грыцук і салідарныя з ёю жанчыны Канады.

І зноў невялікая цытата з названай кнігі Вольгі Грыцук: “Тут, у Канадзе, мы адбудавалі сваю Беларусь, мы стварылі яе наўзамен той, якую страцілі і аб якой заўсёды марылі. Як маглі, стараліся працаваць дзеля яе…” Пісьмы з Беларусі Вольгі Грыцук на маю паэтычную Беларусь, у прыдзвінскае незабытае юнацтва станавіліся цытатамі ў маіх вершах. І за гэта пасылаў вялікую падзяку ў Канаду.

Узгадваю, як спадарыня Вольга адзначала адну незабыўную падзею – 55- годдзе яе шлюбу з Аляксеем-Алесем, якому яна аддала ўсю сваю любоў і ласку. Юбілей поўні жыцця канадскай беларускі-крывічанкі быў лагоднай магчымасцю падзякаваць ёй за велічнасць духу, ахвярнасць, узбагачэнне меданоснага нацыянальнага вулея, перадаць “гаспадыні, сьлічнай пані” пажаданне з нашай прыдзвінскай велікоднай песні: “У тваім дамку – як у райку! Няхай так будзе!”. Верыцца, што годная памяць пра Вольгу Грыцук -- дачку Васіля з роду Дуброўскіх --будуць памятаць і на Беларусі, і ў Канадзе…

І я сваімі вершамі пастараюся ўлагодзіць у Нябёсах яе няўрымслівую душу.

У НАЖЫТАК

Спадарыні Вользе Грыцук
(Дуброўскай),
суайчынніцы з г. Дзісна

Кляновы ліст падняў далоньку.
Удзячная мая рука:
вясёлай восені старонку
чытаю з першага радка.

Клён, як і я, натхнёны Маем,--
і ў лістапад мы не гуляем,
пра-жы-лач-ка-мі супадаем!

Не дзіва: зроду сваякі.
І наш нажытак ля ракі
кладзецца ў Летапіс. Радкі
шыфруе вечар гаваркі.

Іх на дабрыдзен пакідаем.
Зімой сябе перачытаем
і – у пупышцы – адпачнем.

Праб”ецца ліст…
Сцяг – утрымаем!
З яго і Сакавік пачнем.

2011

Сяргей Панізьнік

Памінальныя Словы Старшыні Рады БНР

Беларуская грамада ў Kaнaдзе страціла 22 красавіка 2019 г. вялікую патрыётку і дарагую ўсім нам сяброўку, Вольгу Грыцук.

Даведалася я пра гэта зь вялізарным сумам. Сябравалі мы з Оляй z 1970 г., калі Спадарства Грыцукі прыехалі з Кінгстану ў Атаву нас спаткаць пасьля нашага пераезду ў Канаду.

Толькі два тыдні таму, 6 красавіка, падчас уручэньня ў Атаве Юбілейных Мэдалёў да Стагодзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, я мела гонар перадаць Спадарыні Грыцук Мэдаль перад тым, як яна пакінула нас фізычна. Прадставіла я Спадарыню Вольгу гэтымі словамі (цытую) :

"Спадарыня Вольга Грыцук заслужыла на пашану ў беларускай грамадзе ў Канадзе прыстойнасьцю і годнась цю сваіх перакананьняў i паводзінаў і сваёй непахіснай верай у ідэалы 25-га Сакавіка.

Спадарыня Вольга - ідэальны партрэт Беларускі : разумнай, неканфліктнай і шчодрай. У рамках Канадскага Фонду Дапамогі Ахвярам Чарнобылю ў Беларусі, яна з дачкой Юльянкай была адной зь беларускіх сем'яў, якія ўзялі да сябе дзяўчынку на аздараўленьне і адпачынак.

Апошнім часам, калі здароўе Спадарыні Вольгі ўжо не дазваляла ёй браць актыўны ўдзел y жыцьці нашай грамады, яна ўсё-ж цікавілася ўсім беларускім і не шкадавала ахвяроўваць частку свае пэнсыі на падтрымку беларушчыны.

Мэдаль да 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі нададзены спадарыні Вользе Грыцук у знак прызнаньня пажыцьцёвых заслугаў для ажыцьцяўленьня ідэалаў 25-га Сакавіка.”

Вечная Табе памяць, дарагая сябровачка!

Івонка Сурвілла

З вялікай горыччу сустрэў сумную навіну, што не стала Вольгі Грыцук.

Я шмат з кім перапісваўся і перапісваюся з беларусамі, якія жылі і жывуць далёка ад Бацькаўшчыны. Але такой шчырай беларускі не было. Калі я ёй тэлефанаваў, яна нібы спявала, распавядаючы пра свае справа, Беларусь, сям'ю, сяброў, а таксама пытался, як мы тут. Яна дапамагала мне, чым магла, асабліва на выданне кніг. Яна любіла да бясконцасці Беларусь і беларускі народ. Яна была настолькі шчырай, адкрытай, добрай, зычлівай, што больш ужо быць не магло быць... Не стала спадарыні Вольгі -- і здалося, што намнога адсоткаў зменшылася беларуская Канадa. Сумна.

Няхай ёй зямля будзе пухам.

Сяргей Чыгрын, Слонім

Leave Comment

Your email address will not be published. Required fields are marked *

Privacy Preference Center

Necessary

Advertising

Analytics

Other