КНІГА ПРА ГЭБРАЯЎ У БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ

Zina Gimpelevich, The Potrayal of Jews in Modern Bielarusian Literature. McGill-Queens University Press, Montreal-London-Chicago, 2018.

У чэрвені летась, ва ўнівэрсітэцкім канадыйскім выдавецтве Макгіл выйшла кніга “Прадстаўленьне гэбраяў у сучаснай беларускай літаратуры”, якую напісала дасьледчыца беларускай літаратуры, аўтар шэрагу кнігаў і артыкулаў, прафэсар Унівэрсітэту Ўотарлу ў Канадзе, Др. Зіна Гімпелевіч. Гэта ўжо ня першая праца па беларускай культуры, што выходзіць з пад пяра Др. Гімпелевіч, якая зьяўляецца аўтарам першай англамоўнай кнігі пра Васіля Быкава, і таксама твору пра беларускіх гэбрайскіх пісьменьнікаў 20-га ст., і шэрагу артыкулаў па беларуска-гэбрайскіх культурных сувязях у акадэмічных выданьнях. У папярэдняй кнізе, якая завецца “Беларуска-яўрэйскія пісьменьнікі 20-га стагоддзя: Паходжаньне, гісторыя, дыскурс і біяграфіі, што выйшла ў Ўынфілдзе, Канзас, прасочваецца жыцьцё і праца 166 гэбрайскіх пісьменьнікаў з Беларусі, або, як называе іх аўтар, беларускіх гэбрайскіх пісьменьнікаў. Досыць інфарматыўным зьяўляецца ўступны эсэй пра дзейнасьць і лёс беларускіх гэбраяў, дзе аўтар шырака ўжыва назовы “беларус-хрысьціянін” і “беларус-юдэй”, што таксама працягваюць ужывацца ў новай, разгляданай тут кнізе.
Сама кніга складаецца з дзесяці разьдзелаў і эпілёгу, а таксама дадатку, у якім падаюцца ў ангельскім перакладзе адзінаццаць вершаў Рыгора Барадуліна, што закранаюць тэмы, зьвязаныя з гэбраямі.
Ва ўступным слове Др. Зіна Гімпелевіч адзначае, што наагул беларуская літаратура сьведчыць пра тое, што ўвогуле беларуская сьведамасьць не заплямленая антысемітызмам. Далей, ва ўступным першым разьдзеле яна адзначае, што “на працягу сямі стагоддзяў гэбраі былі найбольш значнай меншынёй на гістарычна беларускіх абшарах. Сапраўды, Беларусь была істотнай часткай такзванага Ідыш-ланду, часткі Эўропы, дзе была распаўсюджаная мова і культура ідыш. Больш таго, Беларусь была адзінай краінай у сьвеце, адной з дзяржаўных моваў якой была мова ідыш”. Аўтар адзначае, што нягледзячы на ўсё гэта, выява гэбрая ў беларускай літаратуры, у адрозьненьні ад літаратураў польскай, украінскай, і асабліва расейскай, належна не была дасьледваная, за выключэньнем хіба працы Веры Рыч (1936-2009), “Гэбрайскія тэмы і характары ў беларускіх тэкстах”. затым аўтра падкрэсьлівае, што “няшмат людзей ведаюць, што Беларусь была ўслаўленая багатай і моцнай літаратурай, якую стварылі шматлікія таленавітыя пісьменьнікі”.
У падразьдзеле, які закранае гісторыю ўзаемаадносінаў беларусаў і гэбраяў, “Гэта не было настальгіяй: супольнае мінулае хрысьціянаў і гэбраяў”, Др. Зіна Гімпелевіч падкрэсьлівае, што ад пачаткаў гэбрайскага асадніцтва на беларускіх землях яны мелі мажлівасьць свабодна вызнаваць сваю рэлігію, мелі правы, замацаваныя ў Літоўскіх Статутах, і з часам сталі неадхемнай чсасткай эканамічнага і сацыяльнага жыцьця. Ад старажытных часоў адносіны гэбраяў і негэбраяў у Беларусі адзначаліся мірным і ўзаемапаважлівым стаўленьнем, і большая частка гвалтаў і рабункаў супраць гэбраяў былі справай рук зьнешніх сілаў, як, прыкладам, казакоў Хмельніцкага або расейскага войска. Аўтар піша пра паглыбленьне узаемасувязяў беларускай і гэбрайскай культуры пасьля рэвалюцыі, і ў кароткі перыяд падтрымкі й разьвіцьця ідышысцкай і беларускай культураў, і што разьвіцьцё абедзьвух культураў было амаль цалкам прыпынена падчас сталінскіх рэпрэсіяў. Аўтар супастаўляе Марка Шагала і Васіля Быкава, што паходзілі зь Віцебшчыны, вучыліся ў той жа мастацкай вучэльні (зразумела, што Быкаў—значна пазьней), і адыгравалі падона значную культурную ролю па-за свайц асноўнай працай (мастацтва, пісьменьніцтва) для адпаведна гэбраяў і беларусаў, і абодва з вялікім пачуцьцём любові ставіліся да зямлі свайго народжаньня.
Аўтар разглядае уплывы расейскай мовы і культуры на беларусаў і гэбраяў, і падрэсьлівае агульныя для абодвух этнасаў тэндэнцыі, што былі выкліканыя гэтымі ўплывамі. Разам з тым Гімпелевіч адзначае, што гэбраі былі больш ангажаваныя палітычна, і адпаведна мелі большую колькасьць сваіх палітычных партыяў, хоць да кастрычніка 1917 году гэбраў, як і беларусаў, было зусім няшмат сярод бальшавікоў. Закранаюцца такама гэткія тэмы, як удзел гэбраяў у абвешчаньні й дзейнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, і супраца беларускіх і гэбрайскіх нацянальных дзеячоў, а таксама змаганьне савецкіх уладаў з беларускім і гэбраскім нацыянальнымі рухамі. Затым Гімпелевіч адзначае, што трагічныя гады вайны назаўсёды зьмянілі дэмаграфічны склад жыхарства Беларусі, а сталінскі перасьлед завершыў разбурэньне гэбрайскай грамады і заняпад гэбрайскай культуры, але напрыканцы 1960-х гадоў нацыянальная сьведамасьць і культура гэбраяў адраджаюцца, і тое-ж адбываецца, хоць больш павольна, і ў беларусаў.
Гімпелевіч дае кароткі агляд навуковай літаратуры апошняга часу, што закранае гісторыю гэбраяў і беларусаў, асабліва публікацыі беларускіх навукоўцаў пра гэбраяў і гэбрайска-беларускія культурныя ўзаемадачыненьні.
Наступны разьдзел кнігі прысьвечаны аналізу выяваў гэбрая ў раньніх творах беларускай літаратуры пачынаюцы ад Сямёна Полацкага, “школьных камедыяў” і Каэтана Марашэўскага, і пазьней, да апавяданьняў Якуба Коласа (“Антось Лата”, “Казкі жыцьця”) і яго паэмы “Сымон-Музыка”.
У наступных разьдзелах Др. Зіна Гімпелевіч наступныя тэмы: звароты, у мастацкай форме, да гэбраяў, Янкі Купалы, Натальлі Арсеньневай і Максіма Танка, і кантэкст гэтых твораў, творчасьць Цішкі Гартнага, ураджэнца Капыля, і лёсы гэбрайскіх пісьменьнікаў з Капыля—сярод якіх заснавальнік літаратуры на ідыш, Мэндэле Мойхэр-Сфорым (Шолам Абрамовіч).
У разьдзеле “Гэбраі ў творчасьці Міхася Лынькова” аўтар разглядае апавяданьні славутага беларускага пісьменьніка, сярод якіх апавданьне “Гой”, што стала першым напісаным па-беларуску творам, які прачытаў у маленстве Васіль быкаў, а таксама апавяданьні “Хома” і “У мястэчку”, дзе адлюстраваныя адносіны беларусаў і гэбраяў. Сярод іншых разьдзелаў прадстаўлены наступныя:
Юрка Віцьбіч і гэбраі
Янка Брыль, “Мой лепшы сябра Зяма”
Гэбрайскія тэмы як аспэкт творчасьці Уладзімера Караткевіча
Рыгор Барадулін пра гэбраяў
Георгі Мусіевіч “Людзі, што жылі сярод нас”.

Дадатак: нарыс пра беларускае вымаўленьне і транслітэрацыю
Дадатак: Вершы Рыгора Барадуліна.

Варта адзначыць, што скрозь праз сваю кнігу Др. Зіна Гімпелевеіч ужывае беларускую лацінку, у тым ліку для словаў “Беларусь”, “беларускі”, што зьяўляецца нязвыклым, але вітаным прыкладам карыстаньня нацыянальнага беларускага правапісу, што ў той або іншы спосаб ужо стасаваўся ў англамоўных тэкстах на беларускія тэмы, асабліва сярод беларускіх эмігранцкіх аўтараў, але дасюль застаецца малавядомы для чытачоў у вольным сьвеце, нават для сьпецыялістаў-славістаў і гісторыкаў. Папулярызацыя гэтага правапісу—ухвальная і патрэбная справа. Цікава таксама, што кніга прысьвечаная Старшыні рады БНР Івонцы Сурвіле.

Віталь Зайка
Дасьледнік беларуска-габрэйскіх дачыненьняў. Супрацоўнік нью-ёрскага «Цэнтру габрэйскай гісторыі».
https://arche.by/authors/905